БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Рэч Паспалітая'

Артыкулы па тэме ‘Рэч Паспалітая’

Янушкевіч, Андрэй. Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкай вайна 1558–1570 г. (Аляксандр Філюшкін)


ЯНУШКЕВIЧ, АНДРЭЙ. Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкая вайна 1558-1570 гг. Мінск: „Медисонт», 2007. — 356 с.

У 2007 г. American Council of Learned Societies падтрымаў выданне манаграфіі беларускага гісторыка Андрэя Янушкевіча пра Інфлянцкую вайну. Факт прыемны, таму што ў СССР і на постсавецкай прасторы кніг, прысвечаных гэтай вайне — згодна з агульнапрынятай версіяй, самай доўгай у рускай гісторыі, 25-гадовай, якая працягвалася з 1558 да 1583 г. — не друкалася з 1954 г. Такім чынам, праца Янушкевіча перарвала завесу навуковага маўчання адносна гэтага канфлікта за апошнія 53 гады!
Чытаць далей →

Kotljarchuk, Andrej. In the Shadows of Poland and Russia (Міхал Дуда)


KOTLJARCHUK, ANDREJ. In the Shadows of Poland and Russia. The Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European Crisis of the mid-17 th Century. Sődertőrns hőgskola (Sődertőrns Doctoral Dissertations, nr 4), 2006. — 347 s.

Аўтар звярнуўся да тэмы, нібыта добра вядомай у Польшчы і грунтоўна даследаванай такімі гісторыкамі, як Тадэвуш Васілеўскі ці Генрык Віснэр[1]. Аднак у іх працах, абапертых пераважна на айчынныя і часткова шведскія матэрыялы, адзначана неабходнасць глыбейшых даследаванняў. Узнятыя аўтарам новыя даследчыя праблемы (як, напрыклад, недаацэненыя эканамічны ці канфесійны аспекты) у значнай ступені запаўняюць прагал у нашых ведах пра падзеі Вялікага Княства 1655-1661 г., перадусім уніі Швецыі і ВКЛ ды неафіцыйных перамоваў з Расіяй. Вартасцю з’яўляецца даступная і папулярная мова выкладання, салідная крыніцавая база ўражвае лічбай ды ахопам здзейсненага пошуку, які даў магчымасць выкарыстаць шэраг новых крыніц. Аўтар ладзіў доследы не толькі ў шведскіх і польскіх архівах. Навацыйнымі былі пошукі ў беларускіх, расійскіх і літоўскіх архівах. Чытаць далей →

Kotljarchuk, Andrej. In the Shadows of Poland and Russia (Конрад Бабятыньскі)


KOTLJARCHUK, ANDREJ. In the Shadows of Poland and Russia. The Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European Crisis of the mid-17 th Century. Sődertőrns hőgskola (Sődertőrns Doctoral Dissertations, nr 4), 2006. — 347 s.

Кніга Андрэя Катлярчука — яго кандыдацкая дысертацыя, абароненая ў чэрвені 2006 г. нa гістарычным факультэце Стакгольмскага універсітэта. Галоўнай мэтай сваіх даследаванняў аўтар паставіў усебаковы разгляд складанай палітычнай і ваеннай сітуацыі, у якой апынулася Вялікае Княства Літоўскае ў выніку вайны са Швецыяй і Масквой у 1655-1657 г. У прадмове аўтар зазначыў, што задача яго кнігі, перш за ўсё, — жаданне падарваць шырока распаўсюджаны ў польскай і заходнееўрапейскай, у тым ліку шведскай, гістарыяграфіі, стэрэатып дачыненняў Вялікага Княства і Швецыі ў гэты перыяд. На першых старонках працы (2-3) аўтар сфармуляваў тэзіс, якому падпарадкаваў пазней свае высновы. Паводле меркавання аўтара, ацэнка гісторыкамі дагавораў Януша Радзівіла са шведамі ў 1655 г. як здрады інтарэсам Рэчы Паспалітай неапраўданая, таму патрабуе грунтоўнага перагляду. Саму унію Швецыі і ВКЛ i рашэнне ліцвінаў аб разрыве уніі з Каронай аўтар лічыць элементам агульнай дэзінтэграцыі ў „дзяржаве абодвух народаў», а перш за ўсё элементам больш шырокай агульнаеўрапейскай тэндэнцыі — крызісу цэнтральнай улады ў сярэдзіне XVII ст. Гэты крызіс знаходзіў выяўленне ў канфліктах паміж каралём і станамі, дзяржавай і грамадзянамі ў многіх краінах Старога Кантынента. Акрамя Рэчы Паспалітай аўтар звяртае ўвагу на падобныя з’явы, якія, між іншым, адбываліся ў Імперыі Габсбургаў (крыху раней), Англіі, Францыі, Галандыі ці Партугаліі (5-6, 87-89). Чытаць далей →

Конрад Бабятыньскі. Адносіны жыхароў ВКЛ да маскоўскага войска ў 1654–1655 г.


Заключэнне Пераяслаўскай дамовы і як вынік наступ войскаў цара Аляксея Міхайлавіча на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага сталі нечаканасцю для большасці палітычнай эліты Рэчы Паспалітай, але не для жыхароў усходніх земляў дзяржавы. Яшчэ ў другой палове 1653 г. тут не існавала сумненняў, што пачатак вайны з усходнім суседам з’яўляецца пытаннем бліжэйшых месяцаў. Інфармацыя пра канцэнтрацыю значных маскоўскіх сілаў каля мяжы і вялікую падрыхтоўку да баявых дзеянняў дасягала ў гэты час Магілёва, Шклова і Оршы, а змястоўныя рапарты аб нарастанні пагрозы атрымліваў ад сваіх людзей — як літоўскіх, так і каронных — палявы гетман ВКЛ, фактычны галоўнакамандуючы арміі Януш Радзівіл[1].
Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. Інструкцыя паслам Ашмянскага павета на канвакацыйны сойм 1632 г.


Публікаваная інструкцыя ашмянскага сойміка ўяўляецца цікавай крыніцай, якая адлюстравала палітычныя настроі i пазіцыі шляхты ВКЛ у часе міжкаралеўя (interregnum), якое ўсталявалася пасля смерці Жыгімонта ІІІ (30.04.1632). Тагачасная міжнародная сітуацыя і становішча ўнутры Рэчы Паспалітай напярэдадні канвакацыйнага сойма, а таксама падрыхтоўка і правядзенне абодвух соймаў 1632 г. вычарпальна апісаныя ў спецыяльным даследаванні[1], што дазваляе мне абмежавацца толькі некаторымі аспектамі, звязанымі з умовамі паўставання і зместам гэтага дакумента.

Адразу пасля смерці караля першачарговыя пытанні дзяржаўнай важнасці разглядаліся на скліканай прымасам i гнезненскім біскупам Янам Вэнжыкам таемнай нарадзе сената ў Варшаве, у якой бралі ўдзел і пяць сенатараў ВКЛ (Леў Сапега, Аляксандр Гасеўскі, Мікалай Кішка, Альбрыхт Станіслаў Радзівіл і Павел Стэфан Сапега). Праведзеная паміж 3 і 9 траўня 1632 г.[2], яна прызначыла канвакацыйны сойм на 22 чэрвеня, а перадканвакацыйныя павятовыя соймікі — на 3 чэрвеня таго ж года[3]. Між тым у Вільні, хоць там ужо праз некалькі дзён было вядома пра варшаўскую нараду ды яе пастановы, з ініцыятывы Крыштафа Радзівіла прысутныя сенатары, дэпутаты Трыбунала ВКЛ і шляхта сабраліся 15 траўня на свой з’езд для абмеркавання шляхоў утрымання ўнутранай і знешняй бяспекі, а таксама іншых пільных спраў, звязаных з перыядам бескаралеўя.
Чытаць далей →

Дук, Дзяніс У. Полацк ХVІ–ХVІІІ стагоддзяў. Наваполацк, 2007 (Сяргей Тарасаў)


ДУК, ДЗЯНІС У. Полацк ХVІ-ХVІІІ стагоддзяў: нарысы тапаграфіі, гісторыі матэрыяльнай культуры i арганізацыі жыццёвай прасторы насельніцтва беларускага горада. Наваполацк: ПДУ, 2007. — 268 с., іл.

Многія працы па айчыннай гісторыі, што апошнім часам з’яўляюцца ў Беларусі, грунтуюцца на вывучэнні тых ці іншых пытанняў на падставе аналізу рознага кшталту пісьмовых крыніц. І ў зусім невялікай колькасці даследаванняў у якасці крыніц выкарыстоўваюцца археалагічныя матэрыялы. Спецыфіка гэтай катэгорыі крыніц, па-першае, у складанасці іх здабывання і інтэрпрэтацыі. Па-другое, манаполія Акадэміі навук на самі даследаванні, аўтарскія правы даследчыкаў на атрыманы пад час раскопак матэрыял перашкаджаюць не толькі іх вывучэнню шырокай супольнасцю навукоўцаў, але і простай публікацыі саміх матэрыялаў. Не аспрэчваючы аўтарскае права, варта адзначыць, што агромністая колькасць археалагічнага матэрыялу, знойдзенага на тэрыторыі Беларусі за апошнія 50 гадоў, так і ляжыць „мёртвым грузам» у складах Інстытута гісторыі НАН Беларусі, у запасніках розных музеяў. І гэта толькі па адной прычыне: аўтары раскопак самі апрацаваць яго не маюць сілы і іншым не даюць. Чытаць далей →

Савченко, Сергій. Давня Русь у полемічній літературі кінця ХVI–XVII ст. (Генадзь Сагановіч)


САВЧЕНКО, СЕРГІЙ. Давня Русь у полемічній літературі кінця ХVІ-ХVІІ століття. Дніпропетровськ: ТОВ „Інновація», 2007. — 186 с

Кніга маладога ўкраінскага гісторыка, ужо знаёмага нашым чытачам па публікацыях у БГА, прысвечана вобразам гісторыі Русі і іх выкарыстанню ў рэлігійнай публіцыстыцы ХVІ-ХVІІ ст. Па сутнасці, яна непасрэдна тычыцца складанай праблемы вытокаў гістарычна-культурнай ідэнтычнасці навачасных украінцаў і беларусаў. Нягледзячы на працяглую традыцыю вывучэння палемічнай літаратуры, якая паўстала ў сувязі з царкоўнай уніяй 1596 г., гістарычная свядомасць праваслаўных і каталіцкіх палемістаў засталася сапраўды маладаследаванаю, так што аўтар узяўся за бясспрэчна актуальную тэму.
Чытаць далей →

Gil, Andrzej. Chelmska diecezja unicka 1596–1810 (Святлана Марозава)


GIL, ANDRZEJ. Chelmska diecezja unicka 1596-1810. Dzieje i organizacja. Lublin: Instytut Europy ŚrodkowoWschodniej, 2005. — 338 s.

У канцы ХVI ст. на абшарах Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, дзе цяпер раскінуліся Польшча, Літва, Беларусь і Ўкраіна, адбылася шматзначная паводле сваіх наступстваў сустрэча-сутыкненне двух культурна-рэлігійных светаў — заходне- і ўсходнехрысціянскага. Праявы і вынікі гэтай сустрэчы да сённяшняга дня адчувальныя ў розных сферах грамадскага жыцця рэгіёну. Таму Берасцейская царкоўная унія 1596 г., гісторыя уніяцкай (грэка-каталіцкай) царквы і яе асобных тэрытарыяльна-адміністрацыйных структур здаўна адносяцца да ліку ключавых даследчыцкіх праблем у беларускай, украінскай, польскай гістарыяграфіі, з’яўляюцца прадметам вострых навуковых і пазанавуковых дыскусій.
Чытаць далей →

Litwa w epoce Wazów. Praca zbiorowa pod red. W. Kriegseisena i A. Rachuby (Марцэлі Косман)

Litwa w epoce Wazów. Praca zbiorowa pod red. WOJCIECHA KRIEGSEISENA i ANDRZEJA RACHUBY. Warszawa: Wydawnictwo Neriton -Instytut Historii PAN, 2006. — 440 s.

Рэдка здараецца, каб памятныя кнігі былі ледзь не цалкам монатэматычнымі, дзякуючы чаму маглі мець такі дакладны загаловак, як гэтая, прысвечаная 70-годдзю Генрыка Віснэра. Бо нават хуткі позірк на даробак юбіляра (9-29) сведчыць: вандруючы мала не сорак гадоў па розных закут­ках гісторыі, ён ад самога пачатку засяродзіўся на Вялікім Княстве Літоўскім часоў Жыгімонта III i яго абодвух наступнікаў. Змяшчаючы свае навуковыя (разам з гэтак зва­ным! папулярнымі) тэксты на старонках найбольш аўтарытэтных польскіх часопісаў (пачэснае месца сярод такіх перыёдыкаў, як Czasopismo PrawnoHistoryczne, Przegląd Historyczny, Kwartalnik Historyczny, Nowe Książki i Mówią Wieki, 3 1969 г. займаюць Zapiski Historyczne), Віснэр з ча­сам зрабіўся сталым госцем яшчэ i літоўскамоўных выданняў у Вільні. Больш за тое, адна з яго кніжак выйшла адначасова ў абедзвюх сталіцах у дакладным перакладзе — пры тым, што датычыла такой неадназначнай у ацэнцы над Віслай i над Вяллёй постаці, як Януш Радзівіл (для адных ён здраднік, для іншых — нацыянальны герой). Гэты факт выразна сведчыць, што адыход ад аднабаковых, скрайніх ацэнак стаў магчымы шмат у чым дзякуючы аўтару „Рэчы Паспалітай Вазаў» (Rzeczypospolita Wazów, часткі I i II/
Чытаць далей →

Анішчанка, Яўген. Інкарпарацыя. Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай. (Цімох Акудовіч)


АНІШЧАНКА, ЯЎГЕН. Інкарпарацыя. Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай. Мінск: Хурсік, 2003. — 469 с.

Гісторыя Беларусі другой паловы XVIII ст. малараспрацаваная ў айчыннай гістарыяграфіі. Даследчыкі закранаюць звычайна толькі некаторыя аспекты гісторыі гэтага перыяду, i нават палітычнаму жыццю краіны XVIII ст. беларускія гісторыкі аддавалі мала ўвагі. Манаграфія Яўгена Анішчанкі, як i папярэднія працы даследчыка, хутчэй, вынятак з правілаў. Яго „Інкарпарацыя» i да сёння застаецца ў Беларусі адзінай грунтоўнай працай, прысвечанай тром падзелам Рэчы Паспалітай.
Чытаць далей →

Юрый Мыцык. Інвентар і люстрацыі Лоева і Горваля XVII — сярэдзіны XVIII ст.

Да важных разнавіднасцяў гістарычных крыніц па гісторыі Беларусі і Украіны ХVІ–XVIII ст. варта аднесці люстрацыі і інвентары. Люстрацыі – гэта апісанні, якія ствараліся ў час перыядычных урадавых акцый, што праводзіліся па рашэнні сойма спецыяльнымі камісіямі з мэтай разліку даходнасці і далейшага падаткаабкладання каралеўшчын (дзяржаўных уладанняў) [1]
. Інвентары – апісанні, якія ўзніклі ў выніку правядзення аналагічных акцый спачатку ў дачыненні да царкоўных уладанняў (з ХV ст.), а пазней – каралеўскіх і прыватных. Інвентары часта складаліся пры змене асоб на адміністрацыйных пасадах, а рэгламентацыя правядзення апісанняў была прадугледжана соймавай канстытуцыяй 1602 г. [2]. У гэтых катэгорыях крыніц знаходзяцца важныя звесткі, якія тычацца сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, дэмаграфічных змяненняў, гістарычнай геаграфіі і да т. п. Чытаць далей →

Геранім Граля. Ці была Рэч Паспалітая каланіяльным утварэннем?

“Д’ябал хаваецца ў дэталях…”

Фрыдрых Ніцшэ

Гэтыя развагі я пачну з апеляцыі не да моднай апошнім часам сярод навукоўцаў практыкі апісваць першую Рэч Паспалітую праз прызму посткаланіяльнай тэорыі, а да падзеі, якая мела шырокі розгалас у польскіх СМІ. Так, 7 кастрычніка 2015 г. папулярная пісьменніца Вольга Такарчук, даючы інтэрв’ю тэлеканалу “TVP Info” (праграма “Пасля восьмай вечара”) з нагоды ўручэння ёй літаратурнай прэміі “Ніке”, зрабіла наступную заяву: “Мы прыдумалі сабе гісторыю Польшчы як талерантнай, адкрытай краіны, краіны, якая ва ўзаемаадносінах са сваімі меншасцямі нічым сябе не запляміла. Тым часам мы рабілі жудасныя рэчы, выступаючы як каланізатары, як нацыянальная большасць, што прыгнятала меншасці, як рабаўладальнікі”. Гэтае інтэрв’ю інспіравала шалёную атаку на пісьменніцу з боку многіх палітычных асяродкаў –асабліва нацыянальна-кансерватыўнага крыла, выклікала хвалю несканчонага флэйму, а таксама прымусіла сяго-таго выступіць з канкрэтнымі захадамі, накіраванымі на пакаранне пісьменніцы, напрыклад заявай аб пазбаўленні яе статусу ганаровага грамадзяніна яе роднага горада Нова Руда [1]. Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. Погляды Мікалая Улашчыка на Люблінскую унію і яе наступствы.


Да 110-годдзя з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Улашчыка (1906–1986)

Не так даўно ў адмысловым аглядзе тэмы Дарота Міхалюк не без падстаў адзначыла дамінаванне ў беларускай гістарыяграфіі адмоўных ацэнак Люблінскай уніі і звязаны з гэтым негатыўны вобраз Рэчы Паспалітай у свядомасці сярэдняга беларуса [1]. Назіранню даследчыцы наўрад ці можна запярэчыць, хоць яна разгледзела далёка не ўсе рэлевантныя працы. Калі аналізаваць больш шырокі падбор публікацый і ўлічваць грамадска-палітычны кантэкст іх з’яўлення, то ў стаўленні да Люблінскай уніі ў беларускай гістарыяграфіі выявіцца яшчэ большая зменлівасць і разнастайнасць пазіцый. Знойдуцца ў ёй прыклады як свядомых маніпуляцый, так і ўзорна навуковага падыходу да праблемы, прадэманстраванага, у прыватнасці, Мікалаем Улашчыкам. Погляды гэтага даследчыка заслугоўваюць асобнай увагі, але спачатку паспрабуем акрэсліць асноўныя вехі зменаў прэзентацыі названай уніі да з’яўлення прац М. Улашчыка, засяродзіўшыся найперш на творах нацыянальнага майстар-наратыву. Чытаць далей →