БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Рэцэнзіі'

Артыкулы па тэме ‘Рэцэнзіі’

Генадзь Сагановіч. Украінскае казацтва, Масква і суперніцтва за Беларусь у кнізе расійскай даследчыцы*

* ТАИРОВА-ЯКОВЛЕВА, ТАТЬЯНА. Инкорпорация: Россия и Украина после Переяславской рады (1654–1658). Киïв: “Кліо”, 2017. 320 с.

Расійскую даследчыцу з Санкт-Пецярбурга Таццяну Таіраву-Якаўлеву гісторыкі ўжо ведаюць па цэлым шэрагу ранейшых прац па гісторыі раннемадэрнай Украіны [1]. Яе новая кніга, прысвечаная пачаткам інкарпарацыі Украіны ў склад Расійскай дзяржавы, як адзначана ва ўступе, стала натуральным працягам ранейшых распрацовак, у пэўным сэнсе вырасла з папярэдніх ведаў і ранейшага даследчыцкага вопыту. Гэтым разам яна паставіла за мэту разабрацца з тым, у якім сацыяльна-эканамічным стане знаходзілася казацкая Украіна на пачатку гэтага працэсу, г. зн. перад Пераяслаўскай радай 1654 г., затым як вырашаліся пытанні адміністрацыйнага і падатковага кіравання ўкраінскімі землямі і ўрэшце – звярнуцца да супярэчнасцяў паміж маскоўскімі ўладамі і казакамі з-за падпарадкавання тэрыторый паўднёва-ўсходняй Беларусі (с. 7). Чытаць далей →

OKOŃ, JAN. Wychowanie do społeczeństwa. W teatrach szkolnych jezuitów w Rzeczypospolitej obojga narodów. Kraków: Collegium Columbinum, 2018. 500 s.


Прафесар Ян Окань – адзін з найлепшых знаўцаў езуіцкага тэатра Рэчы Паспалітай. Ужо ў 1970 г. ён выдаў грунтоўную працу пра тэатральныя праграмы і абстракты (sumariuszy) спектакляў, пастаўленых у калегіумах езуітаў Рэчы Паспалітай XVII ст. [1], у якой, апрача дакладнага аналізу праграм і агульнай характарыстыкі езуіцкага тэатра, змясціў каталог праграм і тэкстаў пастановак, пералічыў звесткі пра спектаклі, што адбыліся ва ўсіх гэтых навучальных установах абодвух правінцый цягам стагоддзя. Трэба звярнуць увагу, што гэтая праца была зроблена яшчэ перад публікацыяй вядомай бібліяграфіі езуіцкіх праграм, выдадзенай у 1976 г. пад рэдакцыяй Уладзіслава Каратая, Ядвігі Швэдоўскай і Магдалены Шыманьскай [2]. Пасля гэтага аўтар шмат працаваў над даследаваннем езуіцкага тэатра, звяртаючы ўвагу на ідэалогію спектакляў, іх фармальныя асаблівасці, спецыфіку функцыянавання тэатра ў студэнцкіх установах, выдаваў творы езуіцкіх аўтараў [3]. Чытаць далей →

После грозы: 1812 год в исторической памяти России и Европы: сб. ст. / под ред. Д. А. СДВИЖКОВА. Москва: Кучково поле, 2015. 384 с., 8 ил.

За два стагоддзі паўстала даволі значная гістарыяграфія, прысвечаная гісторыі вайны 1812 г. Цікавасць да той вайны з боку гісторыкаў, літаратараў, публіцыстаў, асоб, якія на аматарскім узроўні захапляліся войнамі, праявілася амаль адразу пасля заканчэння ваенных дзеянняў і не спадала да нашага часу, асабліва ж яна абудзілася ў сувязі з 200-гадовым юбілеем тых падзей. Хоць гістарыяграфія была значная, даследчыкі разглядалі ў асноўным ваенныя дзеянні ў храналагічнай паслядоўнасці, размяшчэнне і перадыслакацыю войскаў супрацьлеглых бакоў, тактычнае і стратэгічнае манеўраванне, займаліся падрабязным апісаннем ваенных аперацый і асобных баёў або асоб, якія ў іх удзельнічалі. У савецкі час, нягледзячы на цікаваць да падзей вайны 1812 г., гэтая праблематыка распрацоўвалася менш актыўна. І ўсё ж за апошнія дваццаць восем гадоў расійскімі даследчыкамі не толькі была надрукавана даволі вялікая колькасць работ пра вайну 1812 г. і замежны паход рускай арміі, але і абаронены шэраг кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый па гістарыяграфіі гэтай вайны. Чытаць далей →

СТУРЕЙКО, СТЕПАН. Беспокойные камни. 9 эссе о новом измерении архитектурного наследия. Гродно: “ЮрСаПринт”, 2017. 288 с.


Новая кніга Сцяпана Стурэйкі, культурнага антраполага і доктара гуманітарных навук у галіне этналогіі, выкладчыка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, а сёння яшчэ і старшыні Беларускага камітэта ІКАМОС, прысвечана, як бачым, “турботным камяням”. Пра што ўвогуле ідзе гаворка? Што гэта за камяні, з якімі так шмат турбот: у дзяржавы, у навукоўцаў з розных гуманітарных сфер, у грамадскіх актывістаў і проста ў звычайных грамадзян? І яны не толькі турботныя, яны канфліктагенныя –вакол іх час ад часу ўзнікаюць канфлікты: экспертаў з дзяржавай, грамадскіх актывістаў з тымі ды іншымі, і г. д. Чытаць далей →

KOLENOVSKÁ, DANIELA; PLAVEC, MICHAL. Běloruská emigrace v meziválečném Československu: Studie a dokumenty. Sociopolitický aspekt. Praha, 2017. 287 s.

Напрыканцы 2017 г. у выдавецтве Карлавага ўніверсітэта ў Празе выйшла калектыўная манаграфія Даніэлы Каленоўскай і Міхала Плавеца пад назвай “Беларуская эміграцыя ў міжваеннай Чэхаславакіі: Даследаванні і дакументы. Сацыяпалітычны аспект”.

Чэшскія навукоўцы і раней выяўлялі цікавасць да розных аспектаў беларускай прысутнасці ў міжваеннай Чэхаславакіі [1]. Асобнай увагі заслугоўваюць грунтоўныя артыкулы Д. Каленоўскай [2] і М. Плавеца [3], напісаныя перадусім на чэшскім архіўным матэрыяле. Акрамя таго, агульны агляд дзейнасці беларускай палітычнай эміграцыі ў Чэхаславакіі ў 1920–1940-я гады быў зроблены ў кнігах па гісторыі Беларусі, якія выйшлі па-чэшску [4]. Чытаць далей →

Classics and Communism. Greek and Latin behind the Iron Curtain, eds. GYÖRGY KARSAI, GÁBOR KLANICZAY, DAVID MOVRIN and ELŻBIETA OLECHOWSKA. Ljubljana, Budapest, Warsaw: Ljubljana University Press, Faculty of Arts; Collegium Budapest Institute for Advanced Study, and the Faculty of “Artes Liberales”, University of Warsaw, 2013. 576 p. Classics and Class. Greek and Latin Classics and Communism at School, eds. DAVID MOVRIN and ELŻBIETA OLECHOWSKA. Warsaw, Ljubljana: Faculty of “Artes Liberales”, University of Warsaw; Ljubljana University Press, Faculty of Arts, 2016. 572 p.

У 2013 і 2016 г. у Будапешце, Варшаве і Любляне выйшлі два зборныя тамы артыкулаў, прысвечаных гісторыі класічнай філалогіі ў краінах савецкага блока. Гэтыя даследаванні – вынік гранта “Gnôthi seauton! Classics and Communism: The History of the Studies on Antiquity in the Context of the Local Classical Tradition in the Socialist Countries 1944/45–1989/90”, рэалізаванага праз Калегіум Будапешт у 2009–2010 г. пры ўдзеле вядучых навуковых асяродкаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Рэдактарамі зборнікаў сталі венгры класічны філолаг Дзьёрдзь Каршай і гісторык-медыявіст Габар Кланіцай, філолагікласікі са Славеніі і Польшчы Дэвід Моўрын і Альжбета Аляхоўская, якія заангажавалі выдатных прадстаўнікоў дысцыпліны з розных краін. Названыя зборнікі – выключныя паводле глабальнасці падыходу, шырыні геаграфічнага абсягу і сістэмнасці ў пастаноўцы пытанняў (да выдання рыхтуецца таксама трэці том, прысвечаны савецкай тэатральнай культуры, звязанай з антычнасцю). У геаграфічным плане зборнікі ахопліваюць многія краіны ўсходняга блока: Венгрыю, Чэхаславакію, Югаславію (Славенію, Сербію, Боснію і Герцагавіну, Харватыю), Польшчу, ГДР, Балгарыю, Румынію; Савецкі Саюз (РСФСР, Літву, Украіну); камуністычныя колы Вялікабрытаніі, а таксама апісваюць трансатлантычныя сувязі. Хоць ні ў адным з гэтых тамоў не прадстаўлена непасрэдна Беларусь (што звязана, напэўна, з адсутнасцю выкладання класічнай філалогіі ў БССР на ўніверсітэцкім узроўні), аднак наяўныя звесткі падаюцца вельмі важнымі для асэнсавання кантэксту, у якім існавала рэспубліка, а таксама даюць інфармацыю пра ўстановы, дзе вучыліся і нашы суайчыннікі. “Classics and Communism” прысвечана лёсам філолагаў-класікаў, “Classics and Class” накіравана на асвятленне гісторыі класічнай адукацыі, закранаюцца праблемы яе развіцця ў сучасным свеце, апісваюцца філолагі і настаўнікі. Артыкулы напісаны на англійскай мове, хоць даклад знакамітага неалацініста Вільфрэда Штроха гучаў на канферэнцыі ў Любляне ў 2013 г. на лаціне (“Classics and Class”: 113). Чытаць далей →

Рышард Радзік. Беларуская апалогія „трыадзінарускасці”


* Криштапович, Лев Е. Беларусь и Россия: историософское и цивилизационное единство. Минск: Академия управления при Президенте Республики Беларусь, 2006.94 c.

Праца беларускага філосафа Льва Крыштаповіча „Беларусь і Расія: гістарыясофскае і цывілізацыйнае адзінства» — кніга невялікага аб’ёму, якая пачынаецца ўводзінамі іншага аўтара і „Прадмовай», а заканчваецца невялікім тэкстам аднаго з беларускіх гісторыкаў.
Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. “Новае” старое пра бітву пад Грунвальдам


Калі я паглядзеў далей, дык толькі таму, што стаю на плячах гігантаў.

Ісак Ньютан

* Гагуа, Руслан Б. Грюнвальд в источниках: „Хроника конфликта Владислава, короля Польши, с крестоносцами в год Христов 1410″. Пинск: ПолесГУ, 2009. — 208 с.

Займацца бітвай пад Грунвальдам (Дуброўнай) гісторыку цяпер няпроста — яе бібліяграфія налічвае тысячы пазіцый[1], і каб пісаць нешта сваё, трэба, ясная рэч, вызначаць стаўленне да напісанага папярэднікамі. У гэтай сувязі выхад кнігі Руслана Гагуа, прысвечанай адной з асноўных крыніц даследавання славутай бітвы, можна было б лічыць падзеяй, асабліва ўлічваючы тое, што яна аказалася першай манаграфіяй у сціплым спісе беларускага грунвальдазнаўства. Шырокай аўдыторыі аматараў гісторыі яна пэўна і ўяўляецца гэтакім піянерскім дасягненнем айчыннага гісторыяпісання, пагатоў у анатацыі шматабяцальна абвяшчаецца: „Комплекснае даследаванне хронікі дазволіла аўтару па-новаму інтэрпрэтаваць розныя аспекты славутай бітвы». А вось гісторыкаў такое дэклараванне комплекснасці і асабліва навізны інтэрпрэтацый павінна хутчэй насцярожыць, чым абнадзеіць. Хоць бы таму, што „Хроніка канфлікту» (далей — ХК) у большай ці меншай ступені трапляла ў фокус увагі большасці даследчыкаў, якія спецыяльна займаліся „Вялікай вайной» 1409-1411 г. і яе галоўнай бітвай, а таксама таму, што актуальнай застаецца праца Свэна Экдаля[2] — этапная ў крыніцазнаўстве бітвы пад Грунвальдам, у якой грунтоўна разгледжана і ХК. Дык ці не занадта смела заяўлена? Каб разабрацца, трэба чытаць, чым мне і давялося заняцца. Чытаць далей →

Ігар Клімаў. Нямецкая праца па гісторыі царквы і Рэфармацыі ў Беларусі


Dietrich, Hans-Christian. „Auf dem Weg zur Glaubenseinheit…»: Reformationsgeschichte Weißrusslands. Erlangen: Martin-Luther-Verlag, 2005. 430 S. (Beiträge zur Geschichte der evangelisch-lutherischen Kirche Russlands, 5)

Манаграфія нямецкага лютэранскага тэолага — гісторыка царквы Ганса-Хрысціяна Дытрыха прысвечана даследаванню гісторыі Рэфармацыі на Беларусі. Аднак гэтая праца, з аднаго боку, значна выходзіць за рамкі, акрэсленыя загалоўкам, а з другога — атрымліваецца крыху вузейшая за заяўленую назву. Сваім праблемным полем даследчык фактычна абраў гісторыю царквы на Беларусі ад часоў з’яўлення хрысціянства і да XVI ст. уключна. З гэтай прычыны яго манаграфія засяроджана не толькі на асвятленні рэфармацыйнага руху на Беларусі, але ў немалой ступені і на разглядзе папярэдняй царкоўнай гісторыі краіны, перш за ўсё праваслаўя. Разам з тым аўтар абмежаваў храналогію працы канцом XVI ст., што не дазволіла яму дэталёва прасачыць далейшы лёс беларускай Рэфармацыі, хаця ў асобных экскурсах часам ён выходзіць далёка за межы абранай храналагічнай мяжы.
Чытаць далей →

Ірына Сынкова. Даследаванне канфесіяналізацыі ў Рэчы Паспалітай


*Alfons Brüning. Unio non est unitas. Polen-Litauens Weg im konfessionellen Zeitalter (1569-1648). Wiesbaden: Harrassowitz Verlag, 2008. ІХ, 411 S.

Кніга нямецкага даследчыка Альфонса Брунінга прысвечана асаблівасцям сацыяльна-палітычнага і рэлігійнага развіцця Рэчы Паспалітай у перыяд 1569-1648 г. У аснове кнігі ляжыць дысертацыйнае даследаванне, абарона якога адбылася ў лютым 2005 г. у Свабодным універсітэце (Берлін). Аўтар аналізуе гістарычныя падзеі XVI-XVII ст. праз прызму так званай „канфесіяналізацыйнай парадыгмы» (Konfessionalisierungsparadigma) — канцэпцыі, што разглядае канфесіяналізацыю ўякасці аднаго з найважнейшых элементаў працэсу трансфармацыі грамадства ў перыяд ранняга Новага часу.
Чытаць далей →

Мірон Капраль. Гісторыя Полацка ў выкладзе швейцарскага гісторыка


* Stefan Rohdewald, „Vom Polocker Venedig»: Kollektives Handeln sozialer Gruppen einer Stadt zwischen Ost- und Mitteleuropa (Mittelalter, frühe Neuzeit, 19. Jh. bis 1914), Stuttgart, 2005 (= Quellen und Studien zur Geschichte des östlichen Europa, Bd. 70), 588 S. Украінскі варыянт рэцэнзіі публікуецца ў выданні „Український гуманітарний огляд» (вып. 14).

Украінская ўрбаністыка старажытнага перыяду апошнім часам трохі ажывілася, выйшла з друку некалькі цікавых кніг па гарадской гісторыі[1], аднак у цэлым узровень даследаванняў застаецца недастатковым. Апрача вядомай прычыны, звязанай са стратай ці адсутнасцю першакрыніц, вывучэнне ўкраінскага горада тармозіцца слабасцю метадалагічнай базы, на якой грунтуюцца гісторыкі ў сваёй працы. Старыя пазітывісцкія падыходы савецкага перыяду часта прыводзяць да звычайнага апісання крыніц без глыбейшага іх аналізу. Чытаць далей →

Соркіна, Інна. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ ст. – Вільня: ЕГУ, 2010 (Андрэй Кіштымаў)

СОРКІНА, ІННА. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с.

Горад — мястэчка — вёска. На працягу стагоддзяў менавіта яны складалі сетку населеных пунктаў Беларусі. Прычым складнікі гэтай трыяды мелі розную ступень свабоды. Горад мусіў быць падобным на іншыя гарады. Жыць гарадскім жыццём. Інакш бы яму не паверылі, што ён — горад. Ён так і рабіў. Напрыклад, дамагаўся магдэбургіі, самасцвярджаўся: я — такі ж горад, як усе, я — гэтага варты, я — частка гарадской супольнасці Еўропы і свету… Вёска свята шанавала сваю традыцыйнасць — як свой нязменны і неразменны капітал ды цноту. Праўда, горад выступаў у дачыненні да вёскі агрэсарам, неаднаразова падрываючы яе традыцыі, уносячы сумятню ў вясковыя галовы і забіраючы, як здабычу, у гарадскі вір самы актыўны вясковы элемент.
Чытаць далей →

Brakel, Alexander. Unter Rotem Stern und Hakenkreuz: Baranowicze 1939 bis 1944. (Сяргей Новікаў)

BRAKEL, ALEXANDER. Unter Rotem Stern und Hakenkreuz: Baranowicze 1939 bis 1944. Das westliche Weißrussland unter sowjetischer und deutscher Besatzung. Ferdinand Schöningh: Paderborn — München — Wien — Zürich, 2009. — 426 S.

Манаграфія маладога нямецкага даследчыка Аляксандра Бракеля па рэгіянальнай гісторыі Беларусі перыяду Другой сусветнай вайны выдадзена на падставе доктарскай дысертацыі, паспяхова абароненай трыма гадамі раней ва ўніверсітэце імя Ёгана Гутэнберга ў г. Майнцы (Нямеччына).

Даследаванне прысвечана малавядомым аспектам гісторыі Заходняй Беларусі — усходніх ускраін (крэсаў) былой II Рэчы Паспалітай і новаўтворанай Баранавіцкай вобласці, дзе з 1939 да 1944 г. вызначальнымі былі падзеі савецкай анексіі, нямецкай акупацыі і пасляваеннай саветызацыі. Чытаць далей →