БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Беларусь у сусветных войнах'

Артыкулы па тэме ‘Беларусь у сусветных войнах’

Яўген Грэбень. Злачыннасць у Беларусі ў гады нацысцкай акупацыі (1941–1944)


Праблема злачыннасці, уласцівая любому грамадству, абвастраецца ў час розных катаклізмаў. Злачыннасць была характэрна і для Беларусі пад час нацысцкай акупацыі. У той перыяд шмат грамадзян каралі штрафамі, цялеснымі пакараннямі, турэмным зняволеннем ці канцлагерам за розныя віды супрацьпраўных дзеянняў. Неабходна адзначыць: нямецкія акупацыйныя ўлады лічылі правапарушэннем ухіленне ад выканання працоўнай павіннасці, што можна было разглядаць як пасіўны супраціў. Па-за ўвагай пакідаюцца таксама такія адміністрацыйныя парушэнні, як антысанітарны стан двароў грамадзян, несанкцыянаваны забой жывёлы. У артыкуле будуць разгледжаны віды правапарушэнняў, якія любой уладай, у тым ліку і акупацыйнай, успрымаюцца як правапарушэнні: крадзяжы, забойствы, спекуляцыя, самагонаварэнне і іншыя асацыяльныя з’явы, што адбываліся ў беларускім грамадстве пад час нацысцкай акупацыі. У ваенны час, нягледзячы на суровыя забароны акупацыйнай улады, гэтых праблем значна пабольшала. На падставе архіўных крыніц ахарактарызуем асноўныя віды правапарушэнняў, іх прычыны і віды пакаранняў. Чытаць далей →

Юры Туронак. Роля Мікалая Пахлябаева ў падрыхтоўцы замаху на Вільгельма Кубэ.


Паводле звестак Вячаслава Селяменева і Віктара Шымоліна, органы дзяржаўнай бяспекі закінулі на тэрыторыю акупаванай Беларусі дзесяць спецгруп, якія спрабавалі арганізаваць забойства генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ[1]. Аднак, акрамя жадання, усе іх намаганні былі безвыніковыя і не мелі дачынення да замаху, які здзейснілі падпольшчыца Марыя Осіпава і служанка Кубэ Алена Мазанік пад кіраўніцтвам камандавання партызанскага атрада „Дзімы», падпарадкаванага Разведупраўленню Генштаба Чырвонай Арміі, а не ведамству дзяржаўнай бяспекі[2].

Узнікае пытанне: па-першае, што абумовіла поспех атрада „Дзімы», асноўнай задачай якога была ваенная разведка і дыверсійная дзейнасць, а не рэалізацыя чэкісцкіх праектаў? Па-другое, чаму Осіпава, якую быццам яшчэ з восені 1941 г. пераследавала ідэя забойства генеральнага камісара, вырашыла дзейнічаць толькі пасля атрымання ўказання камандавання атрада „Дзімы», а не чэкісцкіх груп і атрадаў, з якімі яна супрацоўнічала? І ўрэшце, па-трэцяе, што паўплывала на Мазанік, якая паслядоўна адмаўлялася супрацоўнічаць з чэкісцкімі групамі, але хутка пагадзілася з патрабаваннем Осіпавай і камандавання атрада „Дзімы» і падклала забойную міну пад матрац Кубэ?
Чытаць далей →

Юры Туронак. Дзейнасць групы Фабіяна Акінчыца (1939–1943)


Фабіян Акінчыц нарадзіўся 20 студзеня 1886 г. у фальварку Акінчыцы (цяпер у межах горада Стоўбцы) Мінскага павета ў заможнай каталіцкай сям’і Яна і Эміліі. У 1906— 1913 г. вывучаў права на юрыдычным факультэце Пецярбургскага універсітэта. У гады вучобы належаў да партыі расійскіх сацыял-рэвалюцыянераў (эсэраў). У1923 г. вярнуўся з СССР і працаваў настаўнікам у Стаўбцоўскім павеце. У 1926 г. уступіў у шэрагі Беларускай сялянска-работніцкай грамады, быў адным з яе кіраўнікоў. У студзені 1927 г. арыштаваны польскімі ўладамі, у выніку судовага працэсу над дзеячамі грамады асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі. Пасля датэрміновага вызвалення з турмы з верасня 1930 г. быў членам кіраўніцтва пагаджальнай беларускай арганізацыі „Цэнтрасаюз», з якой выйшаў у сакавіку 1931 г. Пасля няўдалай спробы стварэння паланафільскай арганізацыі „Адраджэнне» выехаў з Вільні да Стоўбцаў, дзе ў 1932 г. заснаваў Беларускае таварыства дабрачыннасці, а ў 1933 г. у якасці яго старшыні стаў членам Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні[1].
Чытаць далей →

Юры Грыбоўскі. Беларускі легіён СС: міфы і рэчаіснасць


Праблему супрацоўніцтва беларускага насельніцтва з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі пад час Другой сусветнай вайны цяжка назваць „белай плямай» у сучаснай гістарыяграфіі. У савецкую эпоху названая тэма была практычна табуяваная, а беларуская савецкая гістарычная навука не магла пахваліцца значнай колькасцю прац. Аднак з моманту атрымання Беларуссю незалежнасці разнастайныя аспекты гэтага пытання былі і застаюцца прадметам увагі шматлікіх даследчыкаў. Спецыфіка такіх даследаванняў у тым, што аўтары дыяметральна па-рознаму інтэрпрэтуюць і ацэньваюць саму з’яву г. зв. калабарацыі ў Беларусі. Апрача таго дадзеная тэматыка мае яшчэ шмат аспектаў і момантаў, якія незалежна ад ідэалагічных і палітычных ацэнак патрабуюць паглыбленага факталагічнага вывучэння. Да іх ліку належыць пытанне стварэння і дзейнасці беларускіх вайсковых і вайскова-паліцыйных фармаванняў пад нямецкім камандаваннем. Нягледзячы на тое, што многія аспекты праблемы ўжо дачакаліся вартасных навуковых апрацовак, тэматыка застаецца своеасаблівым незагаспадараваным полем для навукоўцаў[1]. Асабліва маладаследаванымі застаюцца пытанні стварэння і дзейнасці вайсковых фармаванняў, якія існавалі па-за межамі Беларусі. Сярод галоўных прычын як знаходжанне значнай колькасці дакументаў у замежных архівах (яшчэ не ў дастатковай ступені выкарыстаных беларускімі гісторыкамі), так і палітычная далікатнасць праблематыкі. Адсутнасць грунтоўнай усебаковай навуковай абагульняльнай працы, прысвечанай згаданай праблеме, спрыяе таму, што яна абрастае мноствам легенд, міфаў і непаразуменняў, якія лёгка могуць увесці ў зман чытача і стварыць памылковы вобраз гэтай гістарычнай з’явы. У нашай публікацыі гаворка пойдзе пра адну з найбольш складаных і супярэчлівых праблем гісторыі Беларусі перыяду Другой сусветнай вайны, а менавіта — пра ўдзел беларусаў у войсках СС. Артыкул ёсць своеасаблівай спробай падсумавання тэматыкі на падставе ранейшага даробку і новых архіўных крыніц. Чытаць далей →

Станіслаў Рудовіч. Кім быў Вацлаў Іваноўскі


Туронак Юры. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. Мінск: Медысонт, 2006. — 180 с., [16] с. іл.

Працы па гісторыі Беларусі польскага даследчыка беларускага паходжання Юрыя Туронка набылі вядомасць на радзіме яго бацькоў у канцы 1980-х — пачатку 90-х г. Апрача шэрагу артыкулаў, у 1993 г. у Мінску ў перакладзе на беларускую мову была выдадзена доктарская манаграфія Ю. Туронка „Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Вядома, не ўсе пагаджаліся з падыходамі і высновамі даследчыка. Але бясспрэчна, што на фоне тагачаснай айчыннай гістарыяграфіі, якая толькі пачынала выкарасквацца з-пад савецкага ідэалагічнага кантролю, публікацыі д-ра Туронка выгодна вылучаліся і смелым выбарам тэматыкі, і выкарыстаннем масы недаступных для савецкіх гісторыкаў крыніц, i дасканалай методыкай іх аналізу, якая дазваляла аўтару нават пры абмежаванасці дакументальнай базы атрымліваць максімум цікавай інфармацыі. Кідалася ў вочы і яшчэ адна ўласцівасць творчай манеры гісторыка: не ўтойваючы сваіх сімпатый да беларускай ідэі і яе рупліўцаў, даследчык тым не менш не парушаў прынцыпу навуковай аб’ектыўнасці, непрадузята і часам даволі крытычна ацэньваў многія знакавыя падзеі і постаці беларускай гісторыі, разбураючы тым самым шэраг устаялых стэрэатыпаў не толькі падсавецкай, але і альтэрнатыўнай ёй эмігранцкай гістарыяграфіі.
Чытаць далей →

Эрык Екабсонс. Беларусы ў Латвіі ў часы савецкай і нямецка-фашысцкай акупацыі (1940-1945)


У Латвійскай рэспубліцы ў 1918-1940 г. існавала параўнальна вялікая беларуская меншасць, якая мела разгалінаваную сетку арганізацый i школ[1]. Дзейнасць беларусаў у Латвіі ў час i пасля анексіі гэтай краіны ў склад СССР, a таксама ў час яе нямецкай акупацыі дагэтуль даследавана недастаткова. Разгляд гзтай тэмы i стаў галоўнай мзтай артыкула.

Савецкі перыяд 1940-1941 гг.

Падзеі ў Латвіі летам 1940 г. выклікалі ў некаторых кіраўнікоў беларускай нацыянальнай меншасці пэўныя спадзяванні. Гэта было абумоўлена таксама тым, што беларусы ў час аўтарытарнага рэжыму (з 1934 г.) паступова страцілі амаль усе свае школы, акрамя адной асноўнай у Рызе. 17 чэрвеня 1940 г. Латвія i іншыя балтыйскія краіны былі акупаваныя, пачаўся так званы пераходны перыяд. На фоне старанняў захаваць уяўную законнасць перадачы ўлады ў рукі стаўленікаў СССР i публічных сцвярджэнняў, што Латвійская рэспубліка стане саюзнікам Савецкага Саюзу, але захавае незалежнасць, у пачатку жніўня Латвія была анексаваная ў склад СССР Яшчэ 10 ліпеня ўпраўленне Таварыства беларусаў у Латвіі звярнулася да ўладаў з просьбайузнавіць дзейнасць 2-й беларускай асноўнай школы ў Саркандаўгаве, „зачыненай супраць волі бацькоў былым фашысцкім адукацыйным праўленнем горада Рыгі» ў 1936 г., a таксама дадатковай i вячэрняй школы тамсама. Чытаць далей →

Вялікі, Анатоль Ф. На раздарожжы. Беларуси і палякі ў час перасялення (Юры Вашкевіч)


ВЯЛІКІ, АНАТОЛЬ Ф. На раздарожжы. Беларусы i палякі ў час перасялення (1944-1946 г.). Мінск, 2005.-319 с.

Да выхаду манаграфіі Анатоля Вялікага беларуская гістарыяграфія не мела не толькі кніг, але нават сур’ёзных артыкулаў, цалкам прысвечаных „рэпатрыяцыі» польскага i беларускага насельніцтва перыяду Другой сусветнай вайны. Гэтая табуяваная савецкай уладай тэма чамусьці вельмі рэдка ўздымалася на форумах гісторыкаў ужо незалежнай Беларусі, хоць гутарка ідзе пра кардынальныя для абедзвюх краін змены i звязаныя з гэтым лесы сотняў тысяч людзей. (Дарэчы было б таксама паставіць пытанне, ці гэтыя страты папуляцыі ўлічваліся пры падліках ахвяраў вайны, a калі так, дык якім чынам?) Зразумела, існавалі аб’ектыўныя прычыны, што перашкаджалі даследаванню гэтай праблемы. Апроч згаданай палітычнай — забароны, была яшчэ адна — адсутнасць дакументальных дадзеных, недаступнасць архіўных матэрыялаў Менавіта гэты прагал паспрабаваў запоўніць A. Вялікі сваей працай. Яна складаецца з чатырох раздзелаў, тры з якіх прысвечаны перасяленню палякаў з Беларусі i толькі ў адным, апошнім, разглядаецца працэс перамяшчэння беларускага жыхарства Польшчы. Такія прапорцыі цалкам абгрунтаваныя, улічваючы маштабы першай i другой з’явы. Сумнеў могуць выклікаць толькі словы „3 прасавецкай Польшчы…» ў назве апошняга раздзела. Як сведчыць найноўшая гісторыя, Польшча ніколі не была прасавецкай, а тым больш не была яна такой у 1944-1946 г. Люблінскі марыянеткавы ўрад (Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення — ПКНВ) прасавецкім быў, але Польшча — не. Таму больш адпаведным было б словазлучэнне „3 падсавецкай Польшчы…».
Чытаць далей →

ГРЕБЕНЬ, ЕВГЕНИЙ А. Гражданское население Беларуси в условиях немецкой оккупации (1941–1944 гг.): монография. Минск: БГАТУ, 2016. 496 с.

Падзеі Другой сусветнай вайны выклікаюць вялікі інтарэс даследчыкаў, што звязана не толькі з фармаваннем калектыўнай памяці ў Беларусі, але і з неабходнасцю грунтоўнага, усебаковага аналізу падзей на беларускіх землях. Традыцыйна айчынныя гісторыкі засяроджваюць увагу на высвятленні пытанняў, звязаных з баявымі дзеяннямі, рухам супраціўлення і калабарацыянізмам, характарыстыкай палітычнай сітуацыі на акупаванай тэрыторыі, “забываючыся” такім чынам на лёс простых людзей, якім трэба было не проста жыць, а выжываць у гады ваеннага ліхалецця. На гэтым фоне кніга Яўгена Грэбеня вылучаецца менавіта зваротам да простага чалавека і да арганізацыі яго жыцця ва ўмовах нямецкай акупацыі. Чытаць далей →

Ірына Романова. Пасляваенны яўрэйскі Бабруйск.


Напярэдадні вайны ва ўсходняй Беларусі жыло 375 тыс. яўрэяў [1] і ў заходняй – прыкладна 600 тыс., разам каля 1 млн. У гады Халакосту на тэрыторыі Беларусі было забіта каля 800 тыс. мясцовых і прывезеных з Еўропы яўрэяў. Першы пасляваенны Усесаюзны перапіс, праведзены амаль праз пятнаццаць гадоў пасля вайны, зафіксаваў у БССР на 1 студзеня 1959 г. толькі 150 тыс. яўрэяў [2]. Па абласцях яўрэйскае насельніцтва размяркоўвалася наступным чынам: на першым месцы стаяла Мінская вобласць –47,8 тыс. яўрэяў (з іх 38,8 жылі ў самім горадзе Мінску), далей ішлі вобласці ўсходняй Беларусі: Гомельская – 45 тыс., Магілёўская – 28,4 тыс., Віцебская – каля 19 тыс.; у дзвюх абласцях на захадзе Беларусі колькасць яўрэяў была значна меншай: у Брэсцкай – 6 тыс., у Гродзенскай – 3,7 тыс. [3] Амаль усе яўрэі жылі ў гарадах (каля 97%). Чытаць далей →

Сяргей Новікаў. Баявыя дзеянні ў Беларусі летам 1941 г.: гістарыяграфічныя міфы і гістарычная рэальнасць.


Адна з актуальных праблем аналізу новых гістарыяграфічных крыніц, у тым ліку замежных, – выяўленне ступені навуковай верыфікацыі гістарычных фактаў. Разгледзім гэта на прыкладзе гісторыі Беларусі летам 1941 г. Як жа насамрэч баявыя дзеянні Чырвонай арміі і германскага Вермахта, якія вызначалі адметнасць пачатковага перыяду вайны на беларускай зямлі, адлюстраваны ў найноўшай расійскай 12‑тамовай фундаментальнай працы – “Великая Отечественная война 1941–1945 годов” [1], падрыхтаванай вядучымі даследчыкамі Расіі на працягу літаральна апошніх некалькіх гадоў? Наколькі сутнасць новых грунтоўных прац вынікае з дакументальных крыніц рознага паходжання і наколькі гістарычныя факты набліжаюць чытача да асэнсавання рэальных вынікаў абарончых баёў Чырвонай арміі ў Беларусі ў чэрвені – жніўні 1941 г.? Адказаць на гэтыя і іншыя пытанні важна па розных прычынах, але ў першую чаргу з чыста даследчыцкіх інтарэсаў.

З аднаго боку, у такім кантэксце паспрабуем даць адказ на галоўнае пытанне: наколькі ўсебакова ў новых грунтоўных выданнях адлюстраваны баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ўлетку 1941 г.? Зыходзячы з гэтага можна будзе зразумець, што ж тады здарылася на беларускай зямлі – ці паражэнне Чырвонай арміі, ці яе ваенная катастрофа, ці крах савецкай абарончай стратэгіі або адбылася толькі страта баявых рубяжоў, калі на фоне вымушанага адступлення Чырвоная армія працягвала весці ўпартыя баі за тэрыторыю Беларусі, калі з канца чэрвеня і да канца жніўня 1941 г. насамрэч ішла БІТВА за Беларусь. Ці ўсё ж такі галоўным вынікам несупынных баявых дзеянняў, тактычных адыходаў і стратэгічных контрудараў, вялізных людскіх і матэрыяльных страт Заходняга і Цэнтральнага франтоў на беларускай зямлі стаў крах аперацыі “Барбароса” ў канцы ліпеня 1941 г., звязаны са спыненнем наступлення групы армій “Цэнтр” на Маскву і пераходам яе да франтальнай абароны ў ходзе вядзення так званай “маланкавай вайны” супраць СССР. У сувязі з гэтым ці здольны мы на цяперашні час вызначыць сапраўднае гістарычнае значэнне тых падзей, пераканаўча паказаць дакументальную базу, пакладзеную ў аснову навуковых ацэнак гістарычных вынікаў абарончых баёў Чырвонай арміі на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г.? Чытаць далей →

Алесь Сімакоў. Беларусы і індзейцы: Другая сусветная вайна.

Іранічнае, “экзатычнае” вымярэнне вайны ўключае крыху маргінальны, але рэальны ўдзел у ёй прадстаўнікоў “еўрапейскай ультраперыферыі” на практыцы і больш істотна – у публіцыстычным, мастацкім дыяпазонах. Тэма гэтага артыкула ўзнікла як здрабненне перыядызацыі пры вывучэнні пяці стагоддзяў беларуска-індзейскіх сувязяў, часткі “беларуска-амерыканскіх (венесуэльскіх і г. д.) адносінаў”, з утварэннем трыяд кшталту “Беларусь – індзейцы – Германія (і інш.)”. Выбарка фактаў па перыядзе 1939–1945 г. дае магчымасць ацаніць, наколькі ваеннае напружанне стварыла “нагрузку” і на кантакты паміж практычна максімальна аддаленымі адзін ад аднаго народамі праз пасрэдніцтва Германіі (“беларуска-нямецка-індзейскія адносіны”) і іншых важных сусветных “гульцоў”. Чытаць далей →

Уладзімір Ісаенка. Першы дапаможнік па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны


* Великая Отечественная война советского народа (в контексте Второй мировой войны). Учебное пособие для 11 кл. Допущено Министерством образования Республики Беларусь. Под ред. докт. ист. наук, проф. А.А. Ковалени и докт. ист. наук Н.С. Сташкевича. Авторы: А.А. Коваленя, М.А. Краснова, В.И. Лемешонок, С.Е. Новиков, М.Г. Жилинский, Б.Д. Долготович, К.И. Козак. Минск: Издательский центр БГУ, 2004. 231 с.

Рэцэнзентамі дапаможніка выступілі кафедра гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу БДУ, праф., канд. гіст. навук Г. Ваўчок і настаўнік гімназіі №56 г. Мінска П. Гламбоцкі.

Кніга выдадзена на рускай і беларускай мовах тыражом больш за 100 тысяч. Выданні, якія маюць невялікія адрозненні, выходзілі таксама ў якасці падручніка для ВНУ, а таксама для шырокага кола чытачоў.
Чытаць далей →

К’яры, Бернгард. Штодзённасць за лініяй фронту (Захар Шыбека)


К’ЯРЫ, БЕРНГАРД. Штодзённасць за лініяй фронту: Акупацыя, калабарацыя і супраціў у Беларусі (1941—1944 г.) / Пер. з ням. Л.Баршчэўскага; нав. рэд. Г.Сагановіч. Мінск, 2005. 390 с.

Бернгард К’яры здзівіў мяне двойчы. Першы раз, калі пазнаёміў са сваёй дзяўчынай незвычайнай прыгажосці. І вось цяпер, калі выдаў сваю кнігу. Аўтар, якога ведаў з 1994 г. такім маладым, вясёлым і бестурботным, раптам паказаў сябе масцітым, таленавітым і арыгінальным даследчыкам. Пасля прачытання яго кнігі застаецца адчуванне набыцця інтэлектуальнага падарунка. Відавочна, што такое ж уражанне кніга зрабіла і на іншых, бо яе наклад разышоўся ў адзін момант.
Чытаць далей →