БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Гiстарыяграфiя'

Артыкулы па тэме ‘Гiстарыяграфiя’

Марцэлі Косман. Ян Серадыка (1928–2008), гісторык старапольскага парламентарызму і ВКЛ


16 жніўня 2008 г. пасля доўгай і цяжкай хваробы ў сваёй кватэры ў Аполі памёр прафесар Ян Серадыка, былы рэктар Вышэйшай педагагічнай школы—постаць выключная ў тамтэйшым навуковым асяроддзі і між польскіх гісторыкаў, пра каго ў некралогу, падпісаным рэктарам, Вышэйшай вучонай радай і ўсёй акадэмічнай супольнасцю, сказана: „Пайшоў з жыцця выбітны навуковец, Чалавек вельмі справядлівы, далікатны і сардэчны»[1]. Гэтую вестку я атрымаў па тэлефоне, калі знаходзіўся ў паўднёвай Англіі, за дзень перад вяртаннем дадому, так што змог удзельнічаць у апошнім развітанні са шматгадовым сябрам, знакамітым даследчыкам і чалавекам з характарам, які рэдка сустракаецца. Трапна адзначылі гэта аўтары працытаванага некралога.
Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. Мода на плагіят?

Плагіят — гэта экспрапрыяцыя таго адзінага віду прыватнай уласнасці, які нават… Карл Маркс лічыў неадчужальным і рашуча бараніў.

Роберт К. Мертан

Калі вы знаходзіце свой тэкст там, дзе яго не друкавалі, ды яшчэ і пад іншым прозвішчам, у наяўнасці факт крадзяжу. На мове законаў гэта называецца плагіятам (ад лац. рlagiо—выкрадаю)—наўмысным прысвойваннем прадуктаў чужой творчасці ў сферы навукі, літаратуры ці мастацтва[1]. У літаратуры і мастацтве, што праўда, не заўсёды проста адрозніць плагіят ад блізкіх да яго з’яваў — запазычання, наследавання, пераймання і да т. п. Плагіятарства ж навуковых тэкстаў выяўляецца намнога прасцей. Удакладнім тут, што не вядзецца пра выкарыстанне сюжэтаў ці ідэй чужой працы, — без дакладнага паўтарэння формы іх выяўлення гэта плагіятам не лічыцца, бо супадзенне асобных ідэй можа быць абумоўлена выкарыстаннем тых жа крыніц і да т. п. Трэба таксама ясна адрозніваць ад плагіята кампіляцыю (ад лац. compilatio — збіраю) — стварэнне твора на падставе чужых даследаванняў, без самастойнай апрацоўкі крыніц, але з указаннем пазіцый, з якіх інфармацыя паходзіць, або рэферат, мэтай якога і ёсць выкарыстанне дадзеных іншых аўтараў. Плагіятар жа свядома ідзе на тое, каб чужое выдаць за сваё. Самым класічным відам такога крадзяжу ў гуманітарнай сферы можна лічыць „канспектаванне» (іншым разам даслоўнае) чужых тэкстаў, часцей — прысвойванне ix фрагментаў як плёну ўласнай працы, — без спасылкі на выкарыстаную публікацыю.
Чытаць далей →

Per saecula ad tempora nostra. Sborník prací k šedesátým narozeninám prof. Jaroslava Pánka. T. 1–2 Praha, 2007 (Марцэлі Косман)

Per saecula ad tempora nostra. Sborník prací k šedesátým narozeninám prof. Jaroslava Pánka. Uspořádali JIŘÍ MIKULEC а MILOSLAV POLÍVKA. T. I-II. Praha, 2007. — 989 s.

Напярэдадні 60-годдзя вядомага чэшскага гісторыка прафесара Яраслава Панка на старонках БГΑ ў вялікім артыкуле „Яраслаў Панэк — чэшскі гісторык на пераломе эпох» (Т. 13 2(25) 2006, с. 320-348) Юзэф Валка змясціў грунтоўную характарыстыку яго творчасці і дасягненняў на дыдактычнай і арганізацыйнай ніве. Сам юбіляр быў уганараваны прыгожай двухтомавай памятнай кнігай, выдадзенай яго родным Інстытутам гісторыі Акадэміі Навук Чэшскай Рэспублікі (Historický Ústav Akademie Věd České Republiky). Падрыхтавалі яе Юры Mięулец і Міраслаў Поліўка пры ўдзеле вялікага рэдакцыйнага калектыву (Roman Baron, Jaroslav Boubín, Jiří Friedl, Martin Holý, Václava Horčáková, Eva Irmanová, Dalibor Janiš, Tomáš Sterneck, Emil Voráček, Zlatica Zudová-Lešková).
Чытаць далей →

Bömelburg, Hans-­Jürgen. Frühneuzeitliche Nationen im ostlichen Europa. Wiesbaden, 2006 (Ірына Сынкова)


HANS-JÜRGEN BÖMELBURG. Frühneuzeitliche Nationen im östlichen Europa. Das polnische Geschichtsdenken und die Reichweite einer humanistischen Nationalgeschichte (1500-1700). Wiesbaden: Harrassowitz Verlag, 2006. — 559 S.

Калі толькі бярэш у рукі гэты важкі том, бегла праглядаеш змест і навуковы апарат, адразу адчуваеш — гэта сур’ёзная грунтоўная праца. Першае ўражанне пры больш уважлівым знаёмстве з кнігай Ганса-Юргена Бёмельбурга толькі пацвярджаецца. Яна, безумоўна, прыцягвае сваёй сістэмнасцю выкладання, яснасцю і дакладнасцю тэзаў, абгрунтаванасцю аргументацыі. Структура кнігі досыць празрыстая і адпавядае паступоваму раскрыццю вызначанай у тытуле тэмы ў сінхранічным і дыяхранічным вымярэнні.
Чытаць далей →

Карев, Дмитрий В. Белорусская и украинская историография конца ХVIII — начала 20-х гг. ХХ в. (Алесь Даніловіч)


КАРЕВ, ДМИТРИЙ ВЛАДИМИРОВИЧ. Белорусская и украинская историография конца ХVIII — начала 20-х гг. ХХ в. в процессе генезиса и развития национального исторического сознания белорусов и украинцев. Вильнюс: ЕГУ, 2007. — 312 с.

Аўтар рэцэнзаванай манаграфіі асабіста спрычыніўся да развіцця сучаснай беларускай гістарычнай навукі тым, што на працягу 90-х г. ХХ ст. арганізаваў шэраг канферэнцый, звязаных з праблемамі вывучэння гісторыі Беларусі і іншых краін Усходняй Еўропы, якія паўсталі на развалінах СССР, у першую чаргу земляў, што ўваходзілі калісьці ў Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітую. Тады Дзмітрыю Ўладзіміравічу ўдавалася перыядычна збіраць у Горадні актыўных і творчых даследчыкаўз Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, а таксама Венгрыі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны ды іншых краін. У дыскусіях смела выказваліся думкі, нараджаліся новыя погляды на гісторыю ВКЛ, узнікалі новыя праекты. Матэрыялы гэтых сустрэч выдаваліся намаганнямі таго ж Дзмітрыя Карава ў зборніках пад характэрнай назвай „Наш радавод». Сёння па тых зборніках можна вывучаць працэс станаўлення новай беларускай гістарыяграфіі ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь і прасочваць творчую эвалюцыю большасці з удзельнікаў сучаснага гістарыяграфічнага працэсу. Таму і да новай працы Дз. Карава звяртаешся з пэўнымі спадзяваннямі на новае слова ў навуцы.
Чытаць далей →

Наталля Юсава. „У святле Сталінскага вучэння пра мову і нацыю“


Ва ўмовах адзяржаўлення гуманітарнай навукі пры таталітарным ладзе любыя яе тэорыі і канцэпцыі абавязкова былі знітаваны з пануючай ідэалогіяй, а часам нават уплывалі на развіццё і ўкараненне істотных канцэптаў апошняй. Пры фармаванні некаторых навуковых канструкцый вырашальнае слова для гуманітарыстыкі мелі пастулаты Іосіфа Сталіна, што было звязана са значэннем і месцам правадыра ў таталітарнай сістэме савецкага ўзору. Культ яго асобы складаўся ў СССР на працягу доўгага часу і падымаўся на новы ўзровень з кожнай новай „перамогай» савецкіх людзей на розных „франтах». Разнастайныя здзяйсненні і дасягненні народаў савецкай імперыі з кожным разам усё больш і больш выдаваліся за вынік „мудрага» кіраўніцтва „стырнавога савецкага народа». Культ Сталіна дасягнуў апагея, як вядома, у пасляваенны перыяд, паколькі ўсе вырашальныя перамогі над вермахтам былі прыпісаны генералісімусу і ў свядомасці савецкіх людзей вікторыя ў гэтай страшнай вайне звязвалася перш за ўсё з асобай правадыра. Адзін з вядучых чыноўнікаў аддзела агітацыі і прапаганды ЦК ВКП(б) Д. Шапілаў абвяшчаў у вялікім прапагандысцкім артыкуле, які быў апублікаваны ў газеце „Правда» (11 жніўня 1947 г.) і адпавядаў інструкцыям, складзеным у агітпропе, што «„імя вялікага Сталіна» — гэта сімвал „волатаўскай магутнасці народа, яго перамог, яго славы, яго новых творчых планаў»»[1].
Чытаць далей →

Марцэлі Косман. Два юбілеі польскай гістарыяграфіі

(50 гадоў штогодніку „Odrodzenie

i Reformacja w Polsce» і 80-годдзе

прафесара Януша Тазбіра)


Згаданыя ў назве артыкула юбілеі блізка звязаныя паміж сабой. Іх аб’ядноўвае паняцце Рэфармацыя і прозвішча вядучага ў паваеннай Польшчы даследчыка, які ў вачах многіх атаясняецца з прысвечаным ёй часопісам. Няшмат вучоных ва ўзросце 80 гадоў характарызуюцца такой творчай дынамікай і актыўнасцю ў грамадскім жыцці, як у Януша Тазбіра, гэтаксама і мала перыядычных выданняў, якія вытрымалі выпрабаванне паўвекавым часам і заваявалі рэпутацыю не толькі ў краіне, але і за яе межамі.

Пасля 1945 г. вывучэнне гісторыі рэлігіі і каталіцызму ў Польшчы, незалежна ад узаемадачыненняў паміж дзяржавай і царквою, прынесла вельмі значныя вынікі, што звязана з працягам папярэдніх даследаванняў і новымі пошукамі ў іншых арганізацыйных формах. Шмат месца заняў бы пералік назваў манаграфій, фундаментальных выданняў і часопісаў, нават не рэлігійных. Ліквідацыя тэалагічных факультэтаў ва універсітэтах (пасля 1989 г. большасць з іх была вернута ў вышэйшыя школы) гэтай працы не прыпыніла, бо, акрамя заснаваных яшчэ на пачатку 1920-х г. Люблінскага каталіцкага універсітэта, вышэйшых духоўных семінарый і папскіх тэалагічных факультэтаў, у 1954 г. у Варшаве былі адкрыты Акадэмія каталіцкай тэалогіі (на яе базе створаны сучасны Інстытут кардынала Стэфана Вышыньскага) і прадугледжаная для асоб іншых веравызнанняў Хрысціянская тэалагічная акадэмія, звязаная традыцыяй з даваенным факультэтам евангелісцкай тэалогіі Варшаўскага універсітэта. Больш за тое, пасля палітычнага пералому 1956 г. у навуцы стала назірацца паступовае збліжэнне духоўных і свецкіх даследчыкаў, якое з цягам часу перайшло ў пастаяннае супрацоўніцтва[1].
Чытаць далей →

Наталля Юсава. Да гісторыі арганізацыі зтнагенетычных даследаванняў у СССР.


Даследаванні праблематыкі паходжання славянскіх народаў па-ранейшаму захоўваюць як навуковую, так i вос­трую палітычную актуальнасць. Сёй-той з расійскіх вучоных вядзе гаворку нават пра ix маральна-этычнае значэнне[1]. Відавочна, што ў апошнім выпадку маецца на ўвазе маральны абавязак этнагенетыкаў перад сваімі народамі грунтоўна разабрацца ў ix паходжанні, паколькі толькі фундаментальныя міждысцыплінарныя распрацоўкі пытанняў этнагенезу могуць, у адрозненне ад міфалагічных спекуляцыйных канструкцый архіпатрыётаў, надзейна абараніць пры дапамозе навуковых фактаў i адпаведнай найбольш праўдзівай ix інтэрпрэтацыі гістарычнае мінулае славянскіх народаў ад розных (як даўнейшых, так i сучасных) спроб фальсіфікацыі. Уласна кажучы, якраз такая актуалізацыя i паўстала перад савецкімі вучонымі ў часы станаўлення этнагенетыкі як навукі. Чытаць далей →

Ёзэф Валка. Яраслаў Панэк — чэшскі гісторык на пераломе эпох


У аўтабіяграфічным аповедзе Яраслаў Панэк (нарадзіўся 23 студзеня 1947 г.) апісаў свой нялёгкі шлях да заняткаў гісторыяй i да працы ў Акадэміі навук ЧССР[1]. Цікавасць да гісторыі абудзіў дзядуля па бацьку патрыятычнымі расповедамі пра мінулае Радзімы i сям’і, a таксама сустрэча i сяброўскія зносіны з вядомым славістам Атонам Беркопцам[2]. Менавіта ён дапамог Яраславу пераадолець сумненні бацькоў-прагматыкаў у дачыненні да мзтазгоднасці i каштоўнасці гуманітарнай адукацыі „для жыцця» i зарыентаваў таленавітага вучня на вывучэнне гісторыі i моваў тагачаснай Югаславіі.

Пад уплывам настаўнікаў у Я. Панка (а яны добра ве­дам яго талент i пераканалі ў гэтым кіраўнічыя органы) з’явілася магчымасць атрымаць сярэднюю адукацыю (1962-1965). У другой палове 1960-х г., у перыяд палітычных зрухаў у краіне, ён здолеў трапіць на курс архівазнаўства і гісторыі, а потым i славістыкі на філасофскім факультэце Карлавага універсітзта (1965-1970). Атрыманая ад адміністрацыі Цэнтральнай Чэхіі стыпендыя абавязала Панка адпрацаваць некалькі гадоў у тым краі пасля заканчэння вучобы. Гэга i стала яго першым месцам працы.
Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. Погляды Мікалая Улашчыка на Люблінскую унію і яе наступствы.


Да 110-годдзя з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Улашчыка (1906–1986)

Не так даўно ў адмысловым аглядзе тэмы Дарота Міхалюк не без падстаў адзначыла дамінаванне ў беларускай гістарыяграфіі адмоўных ацэнак Люблінскай уніі і звязаны з гэтым негатыўны вобраз Рэчы Паспалітай у свядомасці сярэдняга беларуса [1]. Назіранню даследчыцы наўрад ці можна запярэчыць, хоць яна разгледзела далёка не ўсе рэлевантныя працы. Калі аналізаваць больш шырокі падбор публікацый і ўлічваць грамадска-палітычны кантэкст іх з’яўлення, то ў стаўленні да Люблінскай уніі ў беларускай гістарыяграфіі выявіцца яшчэ большая зменлівасць і разнастайнасць пазіцый. Знойдуцца ў ёй прыклады як свядомых маніпуляцый, так і ўзорна навуковага падыходу да праблемы, прадэманстраванага, у прыватнасці, Мікалаем Улашчыкам. Погляды гэтага даследчыка заслугоўваюць асобнай увагі, але спачатку паспрабуем акрэсліць асноўныя вехі зменаў прэзентацыі названай уніі да з’яўлення прац М. Улашчыка, засяродзіўшыся найперш на творах нацыянальнага майстар-наратыву. Чытаць далей →

Сяргей Новікаў. Баявыя дзеянні ў Беларусі летам 1941 г.: гістарыяграфічныя міфы і гістарычная рэальнасць.


Адна з актуальных праблем аналізу новых гістарыяграфічных крыніц, у тым ліку замежных, – выяўленне ступені навуковай верыфікацыі гістарычных фактаў. Разгледзім гэта на прыкладзе гісторыі Беларусі летам 1941 г. Як жа насамрэч баявыя дзеянні Чырвонай арміі і германскага Вермахта, якія вызначалі адметнасць пачатковага перыяду вайны на беларускай зямлі, адлюстраваны ў найноўшай расійскай 12‑тамовай фундаментальнай працы – “Великая Отечественная война 1941–1945 годов” [1], падрыхтаванай вядучымі даследчыкамі Расіі на працягу літаральна апошніх некалькіх гадоў? Наколькі сутнасць новых грунтоўных прац вынікае з дакументальных крыніц рознага паходжання і наколькі гістарычныя факты набліжаюць чытача да асэнсавання рэальных вынікаў абарончых баёў Чырвонай арміі ў Беларусі ў чэрвені – жніўні 1941 г.? Адказаць на гэтыя і іншыя пытанні важна па розных прычынах, але ў першую чаргу з чыста даследчыцкіх інтарэсаў.

З аднаго боку, у такім кантэксце паспрабуем даць адказ на галоўнае пытанне: наколькі ўсебакова ў новых грунтоўных выданнях адлюстраваны баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ўлетку 1941 г.? Зыходзячы з гэтага можна будзе зразумець, што ж тады здарылася на беларускай зямлі – ці паражэнне Чырвонай арміі, ці яе ваенная катастрофа, ці крах савецкай абарончай стратэгіі або адбылася толькі страта баявых рубяжоў, калі на фоне вымушанага адступлення Чырвоная армія працягвала весці ўпартыя баі за тэрыторыю Беларусі, калі з канца чэрвеня і да канца жніўня 1941 г. насамрэч ішла БІТВА за Беларусь. Ці ўсё ж такі галоўным вынікам несупынных баявых дзеянняў, тактычных адыходаў і стратэгічных контрудараў, вялізных людскіх і матэрыяльных страт Заходняга і Цэнтральнага франтоў на беларускай зямлі стаў крах аперацыі “Барбароса” ў канцы ліпеня 1941 г., звязаны са спыненнем наступлення групы армій “Цэнтр” на Маскву і пераходам яе да франтальнай абароны ў ходзе вядзення так званай “маланкавай вайны” супраць СССР. У сувязі з гэтым ці здольны мы на цяперашні час вызначыць сапраўднае гістарычнае значэнне тых падзей, пераканаўча паказаць дакументальную базу, пакладзеную ў аснову навуковых ацэнак гістарычных вынікаў абарончых баёў Чырвонай арміі на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г.? Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. Чаму ў БССР не было гістарычнага часопіса

Гэтае пытанне зацікавіла мяне яшчэ ў аспірантуры, у другой палове 80-х гадоў. Помніцца, калі дзякуючы перабудове ў СССР з яе дэмакратызацыяй і галоснасцю стала магчымым і ў Мінску глядзець на гістарычную навуку з нацыянальнай перспектывы, у нашым акадэмічным асяроддзі натхнёна абмяркоўваліся свежыя публікацыі з новымі поглядамі на блізкае і далёкае мінулае. Вось тады калегі не раз з вялікім шкадаваннем гаварылі пра адсутнасць гістарычнага часопіса ў Беларусі і з зайздрасцю згадвалі, што брацкая Украіна даўным-даўно мела такое выданне. Прычынай гэтага недахопу ў Беларусі як “роўнай сярод роўных” звычайна называўся нейкі асабліва жорсткі ідэалагічны кантроль над гуманітарнай навукай і культурай, што быццам панаваў у Мінску. Чытаць далей →

Наталля Юсава. Легітымацыя паняцця „старажытнаруская народнасць“


У сталінскую эпоху ў гістарычнай навуцы ўзнікла канцэпцыя старажытнарускай народнасці, якая (у інварыянтах) на пачатку 1950–х г. пачала ўводзіцца ў гісторыяпісанне і ўжо з 1953—1954 г. зрабілася палітычна легітымнай і навукова прызнанай, набыла статус тэорыі. У адпаведнасці з канцэпцыяй савецкія гісторыкі пачалі трактаваць кангламерат „рускіх плямёнаў“ старажытнакіеўскага часу як адзіную народнасць, а таксама як пэўную прамежкавую этнічную супольнасць, адрозную ад папярэдніх і будучых этнічных утварэнняў усходніх славян, як агульнага продка расіян, украінцаў і беларусаў. У гэтых двух момантах і складалася асноўнае адрозненне сутнасці канцэпцыі старажытнарускай народнасці ад поглядаў традыцыйнай расійскай гістарыяграфіі. Прадстаўнікі апошняй пераважна бачылі (па–першае) ва ўсходнім славянстве перыяду Кіеўскай Русі або сукупнасць асобных плямёнаў (ці саюзаў плямёнаў), або этнапаняццева няпэўны „рускі народ“ (як правіла, шматплемянны). У абодвух выпадках (гэта — па–другое) усходнія славяне, па перакананні бальшыні дарэвалюцыйных гісторыкаў, перажывалі ў старажытнарускую эпоху адзін з першых перыядаў свайго гістарычнага развіцця — перыяд станаўлення так званага адзінага рускага народа, які ў будучыні падзяліўся на тры галіны — велікарускую, маларускую і беларускую, але нейкім чынам працягваў захоўваць сваё метафізічнае адзінства.
Чытаць далей →