„Есть свой Ключевский у студентов,
— Вы, Леонард Адамыч Дербов!”*
* Дербов Л. А. Страницы воспоминаний. Саратов: Изд-во Саратовск. ун-та, 2009. 229 с.
Аж да канца больш за паўвекавой (з 1938 г.) выкладчыцкай дзейнасці ў Саратаўскім універсітэце імя М. Г. Чарнышэўскага Леанарда Адамавіча Дзербава (10.10.1909–19.10.1994) гаварылі, што ў яго мове чуецца „нярускі акцэнт”. Як ні дзіўна, многія беларусы, якія працавалі ў межах Расіі, захоўвалі гэтую асаблівасць (можна прывесці прыклад класіка беларусістыкі савецкага, ды і ў няменшай меры постсавецкага часу Мікалая Мікалаевіча Улашчыка). Аднак ва ўспамінах гаворка ідзе не толькі пра вымаўленне, але і пра лёс, лад мыслення, стыль і жыццёвую пазіцыю Леанарда Адамавіча.
Яго ўспаміны, скупыя на словы, дазваляюць зразумець, што гэта быў за чалавек. Але найперш некалькі фармальных звестак пра саму кнігу. Услед за серыяй зборнікаў „Годы и люди” да стагадовага юбілею Саратаўскага ўніверсітэта, заснаванага ў 1909 г., была падрыхтаваная серыя мемуараў „О времени и о себе”, у якую ўвайшлі 7 кніг успамінаў выкладчыкаў універсітэта (А. І. Аўруса „О друзьях товарищах”, В. А. Артысевіч „Одинаковых судеб не бывает”, Б. І. Барысава „О, спорт (люди, события, факты)”, В. А. Ермалаева „Без гнева и пристрастия: Записки историка”, В. Б. Сірацінінай „Жизнь вопреки, или Я — счастливый человек. Воспоминания”, С. М. Стам „Моя жизнь, учителя, друзья и наука”, рэцэнзаваная кніга Л. А. Дзербава), зборнік „В. Г. Борухович в воспоминаниях и письмах” (убачылі свет тры — Барысава, Ермалаева і Дзербава). Вядома, легкадумна было б спадзявацца на тое, што бліскуча задуманая і шыкоўна выкананая (маю на ўвазе і вельмі ўдалае паліграфічнае і мастацкае афармленне, зробленае з вялікім густам) серыя мемуараў можа асвятліць усю складаную, шматгранную і часам супярэчлівую дзейнасць універсітэта нават у тых храналагічных рамках, якія ахоплівае названая серыя, гэта значыць пераважна савецкі адрэзак ХХ ст. Тым не менш варта адзначыць, што падобнай сістэмнай гістарыяграфічнай задумай не можа пахваліцца ні адзін іншы расійскі ўніверсітэт.
Чытаць далей →