БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Рэцэнзіі'

Артыкулы па тэме ‘Рэцэнзіі’

Kotljarchuk, Andrej. In the Shadows of Poland and Russia (Конрад Бабятыньскі)


KOTLJARCHUK, ANDREJ. In the Shadows of Poland and Russia. The Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European Crisis of the mid-17 th Century. Sődertőrns hőgskola (Sődertőrns Doctoral Dissertations, nr 4), 2006. — 347 s.

Кніга Андрэя Катлярчука — яго кандыдацкая дысертацыя, абароненая ў чэрвені 2006 г. нa гістарычным факультэце Стакгольмскага універсітэта. Галоўнай мэтай сваіх даследаванняў аўтар паставіў усебаковы разгляд складанай палітычнай і ваеннай сітуацыі, у якой апынулася Вялікае Княства Літоўскае ў выніку вайны са Швецыяй і Масквой у 1655-1657 г. У прадмове аўтар зазначыў, што задача яго кнігі, перш за ўсё, — жаданне падарваць шырока распаўсюджаны ў польскай і заходнееўрапейскай, у тым ліку шведскай, гістарыяграфіі, стэрэатып дачыненняў Вялікага Княства і Швецыі ў гэты перыяд. На першых старонках працы (2-3) аўтар сфармуляваў тэзіс, якому падпарадкаваў пазней свае высновы. Паводле меркавання аўтара, ацэнка гісторыкамі дагавораў Януша Радзівіла са шведамі ў 1655 г. як здрады інтарэсам Рэчы Паспалітай неапраўданая, таму патрабуе грунтоўнага перагляду. Саму унію Швецыі і ВКЛ i рашэнне ліцвінаў аб разрыве уніі з Каронай аўтар лічыць элементам агульнай дэзінтэграцыі ў „дзяржаве абодвух народаў», а перш за ўсё элементам больш шырокай агульнаеўрапейскай тэндэнцыі — крызісу цэнтральнай улады ў сярэдзіне XVII ст. Гэты крызіс знаходзіў выяўленне ў канфліктах паміж каралём і станамі, дзяржавай і грамадзянамі ў многіх краінах Старога Кантынента. Акрамя Рэчы Паспалітай аўтар звяртае ўвагу на падобныя з’явы, якія, між іншым, адбываліся ў Імперыі Габсбургаў (крыху раней), Англіі, Францыі, Галандыі ці Партугаліі (5-6, 87-89). Чытаць далей →

Kalamajska-Saeed, Maria. Genealоgia przez obrazy. Barokowa ikonografia rodu Sapiehów na tle staropolskich galerii portretowych (Альбіна Семянчук)

KAŁAMAJSKA-SAEED, MARIA. Genealоgia przez obrazy. Barokowa ikonografia rodu Sapiehów na tle staropolskich galerii portretowych. Warszawa: Instytut sztuki PAN, 2006. — 287 s.

У 2006 г. у Інстытуце мастацтва Польскай акадэміі навук у Варшаве выйшла навуковая манаграфія вядомай польскай даследчыцы Марыі Каламайскай-Саід „Генеалогія праз вобразы. Барочная іканаграфія роду Сапегаў на тле старапольскіх партрэтных галерэяў». Раней пад яе рэдакцыяй і пры актыўным удзеле выходзілі наступныя публікацыі: Ostra Brama w Wilnie (Варшава, 1990); даследаванне спадчыны князеў слуцкіх Portrety i zabytki książąt Olelkowiczów w Słucku. Inwentaryzacja Józefa Smolińskiego z 1904 r. (Варшава, 1996); Materiały do dziejów sztuki sakralnej. Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewуdztwa nowogrуdzkiego. T. 1 (Кракаў, 2003); Т. 2 (Кракаў, 2006); Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa wileńskiego. Т. 1 (Кракаў, 2005). Чарговая праца даследчыцы, вядомай сваёй руплівасцю ўсправе збірання, аналізу і публікацыі культурна-гістарычнай спадчыны беларускіх земляў ВКЛ, прысвечана такому цікаваму мастацкаму феномену, як родавыя партрэтныя галерэі. У цэнтры ўвагі дадзенай публікацыі — партрэтная галерэя роду Сапегаўз Коданя (вёска Кодань, Люблінскае ваяводства, Польшча).
Чытаць далей →

Никандров, Нил. Иван Солоневич: народный монархист. Москва, 2007; Soloniewicz, Iwan. Rosja w lagrze. Warszawa, 2007 (Андрэй Ціхаміраў)


НИКАНДРОВ, НИЛ. Иван Солоневич: народный монархист. — Москва: Алгоритм, 2007. — 672 с.

SOŁONIEWICZ, IWAN. Rosja w łagrze / przekład z języka rosyjskiego STANISŁAW DĘBICKI, weryfikacja i uzupełnienie tłumaczenia, redakcja AGNIESZKA KNYT. — Warszawa: Ośrodek KARTA, 2007. — 526 s.

Цікавасць да „заходнерускай» праблематыкі сярод сучасных даследчыкаў гісторыі Беларусі XIX-XX ст. абмяжоўваецца ў асноўным агульнай характарыстыкай гэтай плыні[1] ці біяграфіямі асобных дзеячаў (дагэтуль можна прыгадаць толькі біяграфію Міхаіла Каяловіча аўтарства Валерыя Чарапіцы[2]).

Нягледзячы на тое, што першыя гады жыцця і прафесійнай актыўнасці Івана Саланевіча прайшлі на Беларусі, жыццё і творчая спадчына гэтага ідэолага расійскага неаманархізму ў кантэксце „заходнерускай» плыні практычна не даследуецца беларускімі аўтарамі. Ёсць толькі некалькі невялікіх артыкулаў у даведачных, энцыклапедычных выданнях[3], адным зборніку гістарычных эсэ[4], а таксама перавыдадзеная ў Мінску ў 1998 г. адна з галоўных прац Саланевіча „Народная монархия»[5]. На расійскі кніжны рынак імя Саланевіча вярнулася пасля 1991 г. і да сёння ягоныя кнігі застаю цца запатрабаванымі і даволі папулярнымі, асабліва ў манархічных і нацыяналістычных колах. Практычна ўсе яго значныя працы перавыдадзены ў Расіі, знайшлі сваіх даследчыкаў (як сярод прыхільнікаў ідэй, блізкіх Саланевічу[6], так і сярод больш крытычных філосафаў і сацыёлагаў[7]), а спадчына Саланевіча вяртаецца ў навуковы ўжытак.
Чытаць далей →

Harvard Ukrainian Studies.V. XXVI (2002-2003): Ukrainian Church History (Валянціна Яноўская, Марына Сакалова)

Harvard Ukrainian Studies. Vol. XXVI (2002-2003): Ukrainian Church History. 375 p.

Спецыяльны нумар часопіса „Harward Ukrainain Studies» прысвечаны ўкраінскай царкоўнай гісторыі і ўшанаванню творчай дзейнасці Багдана Расціслава Бацюрківа[1], даследчыка праблем дзяржаўна-царкоўных адносінаў у СССР і, у прыватнасці, у Ўкраіне савецкага перыяду. Тэматычнае поле навуковых інтарэсаў гэтага даследчыка прадвызначыла і тэматыку ўступнага артыкула. Дж. Грабовіч (George G. Grabowicz) знаёміць чытача са станам і арганізацыяй вывучэння праблем украінскай царкоўнай гісторыі ў Інстытуце даследаванняў Украіны пры Гарвадскім універсітэце.
Чытаць далей →

Аляксандр Груша. Крытычныя нататкі з нагоды новай працы Э. Гудавічуса.


Гудавичюс, Эдвардас. История Литвы. Т. 1. С древнейших времён до 1569 года. Москва: Фонд им. И.Д.Сытина, Baltrus, 2005. — 679 с.

З’яўленне ў Мінску рускамоўнай версіі „Гісторыі Літвы» Эдвардаса Гудавічуса выклікала пэўны ажыятаж. Кнігарні рассылалі рэкламныя праспекты кнігі, калегі-гісторыкі жыва цікавіліся адзін у аднаго, хто ўжо набыў кнігу. І не выпадкова: не так часта выходзяць сінтэзы па гісторыі Літвы, цесна звязанай з гісторыяй Беларусі, ды яшчэ такога масцітага аўтара, як Гудавічус. Асабіста я меў да кнігі „спажывецкі» інтарэс — мяне цікавілі не канцэптуальныя падыходы аўтара, а толькі некаторыя праблемы: як узнікла буйное землеўладанне ў Вялікім Княстве Літоўскім (далей — ВКЛ); як сяляне трапілі ў асабістую залежнасць ад шляхты; як сфармаваўся погляд на ВКЛ як патрыманіяльнае ўладанне вялікага князя; як аўтар адносіцца да праблемы феадалізму на землях Літвы ў прыватнасці і ВКЛ наогул у святле апошніх даследаванняў „феадальных адносінаў» у краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, а таксама праблемы, якія так ці інакш звязаны з папярэднімі. Усё гэта тыя з’явы, якія найбольш рэльефна адрозніваюць мінулае грамадства ад сучаснага: Сярэднявечча ад Найноўшага часу. Чытаць далей →

Сяргей Санько. Па слядах адной легенды

Прохоров, Андрей. Князь Тур: история легенды. Сакрализация княжеской власти у славян. Минск: БГУ, 2005.

Кепска дзякуюць аўтару, калі застаюцца толькі чытачамі…

Паводле „Заратустры» Ф. Ніцшэ

Кніга Андрэя Прохарава унікальная ў сваім родзе, і не толькі таму, што адмыслова прысвечана прасвятленню, так бы мовіць, ідэалагічнага кантэксту адзінкавага летапіснага сведчання пра дзейнасць адной з найбольш цьмяных і загадкавых постацяў ранняй беларускай гісторыі, але і таму, што дзейнасць гэтая (рэальная і / ці моцна міфалагізаваная) упісваецца аўтарам у „шырокі індаеўрапейскі кантэкст», які, у сваю чаргу, дазваляе аўтару ставіць і прапаноўваць арыгінальнае развязанне цэлага шэрагу праблем славянскага і ўласна беларускага этнагенезу.
Чытаць далей →

Станіслаў Рудовіч. Кім быў Вацлаў Іваноўскі


Туронак Юры. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. Мінск: Медысонт, 2006. — 180 с., [16] с. іл.

Працы па гісторыі Беларусі польскага даследчыка беларускага паходжання Юрыя Туронка набылі вядомасць на радзіме яго бацькоў у канцы 1980-х — пачатку 90-х г. Апрача шэрагу артыкулаў, у 1993 г. у Мінску ў перакладзе на беларускую мову была выдадзена доктарская манаграфія Ю. Туронка „Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Вядома, не ўсе пагаджаліся з падыходамі і высновамі даследчыка. Але бясспрэчна, што на фоне тагачаснай айчыннай гістарыяграфіі, якая толькі пачынала выкарасквацца з-пад савецкага ідэалагічнага кантролю, публікацыі д-ра Туронка выгодна вылучаліся і смелым выбарам тэматыкі, і выкарыстаннем масы недаступных для савецкіх гісторыкаў крыніц, i дасканалай методыкай іх аналізу, якая дазваляла аўтару нават пры абмежаванасці дакументальнай базы атрымліваць максімум цікавай інфармацыі. Кідалася ў вочы і яшчэ адна ўласцівасць творчай манеры гісторыка: не ўтойваючы сваіх сімпатый да беларускай ідэі і яе рупліўцаў, даследчык тым не менш не парушаў прынцыпу навуковай аб’ектыўнасці, непрадузята і часам даволі крытычна ацэньваў многія знакавыя падзеі і постаці беларускай гісторыі, разбураючы тым самым шэраг устаялых стэрэатыпаў не толькі падсавецкай, але і альтэрнатыўнай ёй эмігранцкай гістарыяграфіі.
Чытаць далей →

Наталля Гардзіенка. Плагіят і прафанацыя гісторыі беларускай дыяспары


Беларуская дыяспара: нарысы гісторыі і сучаснага стану / М.М. Бацян [і інш.]. Мінск, 2006. — 160 с.

Беларускае эміграцыязнаўства апошніх гадоў зведала істотныя змены: усё больш даследчая актыўнасць пераносіцца з эмігранцкіх асяродкаў у метраполію, у працах усё часцей з’яўляюцца праблемы, не звязаныя выключна з эміграцыйнай літаратурай, усё больш уводзіцца ў навуковы зварот раней невядомых дакументаў і матэрыялаў. Разам з тым, у беларускім эміграцыязнаўстве пераважаюць галіновыя працы, прысвечаныя пэўнай краіне, сферы дзейнасці, асобе. У выніку разуменне агульнай гісторыі беларускай эміграцыі i яе сучаснага стану губляецца, адыходзіць на другі план. Менавіта таму з’яўленне абагульняльнага выдання, прысвечанага беларускай дыяспары, выглядае як падзея унікальная, вартая асаблівай увагі і адзнакі. Некалі манаграфія „Беларуская эміграцыя» Барыса Сачанкі стала своеасаблівым адпраўным пунктам эміграцыязнаўства ў метраполіі, i пасля яе не выдавалася больш сістэматызацыйных даследаванняў, дзе б былі прадстаўлены разам найбуйнейшыя беларускія асяродкі ў свеце.
Чытаць далей →

Řezník, Miloš. Bĕlorusko: Stručná historie statů. Praha, 2003 (Наталля Прыступа)

ŘEZNÍK, MILOŠ. Bĕlorusko: Stručná historie států. Sv. 12. Praha: Nakladatelství Libri. 2003. — 110 s.

У 2003 г. у Празе выйшла кніга Мілаша Ржэзніка „Беларусь» (выдавецтва „Лібры», серыя „Кароткі нарыс гісторыі краін свету»). Як сказана ў прадмове, мэтай даследавання з’яўляецца адлюстраванне гісторыі беларускага краю — пагатоў, дагэтуль у чэшскай гістарыяграфіі не было якой-кольвек абагульняльнай працы па дадзенай тэме. У сціслым пераказе прапануецца гісторыя беларускага народа са старажытных часоў да нашых дзён: толькі звяртаючыся да даўніны, сведчыць аўтар, можна растлумачыць працэсы, якія зазнае Беларусь сучасная.

На думку М. Ржэзніка, неабходна падзяляць гісторыю дзяржавы і гісторыю народа. Незалежная краіна пад назвай „Беларусь» узнікла толькі пасля распаду СССР у пачатку 1990-х г. — гісторыя ж беларускага народа налічвае не адно стагоддзе. Увогуле, цяжкасці ў вывучэнні гісторыі беларусаў абумоўлены, сцвярджае М. Ржэзнік, этнічнай і моўнай стракатасцю краіны ды супярэчлівым развіццём самасвядомасці беларусаў. Як высвятляецца, няпроста нават вызначыць дакладную назву рэгіёну ў кантэксце старажытнай гісторыі.
Чытаць далей →

Булгаков, Валер. История белорусского национализма (Ян Левандоўскі)

БУЛГАКОВ, ВАЛЕР. История белорусского национализма. Вильнюс: Институт белоруссистики, 2006. — 331 с.

Элементарныя пытанні, якія ставіць перад сабою рэцэнзент якога-небудзь тэксту, датычаць, між іншага, яго характару (навуковы, публіцыстычны, літаратурны i г.д.), адпаведнасці тытулу і зместу, храналагічнага і тэрытарыяльнага абсягу, i ўрэшце (a на справе перадусім) самой яго сутнасці. Апрача гэтага чытач хацеў бы ведаць, якую навуковую дысцыпліну (ці дысцыпліны) прэзентуе праца, гэта значыць якімі крытэрыямі карыстаецца аўтар як у апісанні рэчаіснасці (падборы фактаў і з’яў), так і ў ацэнцы ды кваліфікаванні прадстаўляных падзей і працэсаў.

Валер Булгакаў ставіць чытача перад вельмі цяжкай задачай. Пачнем ад тытула. З яго вынікае, што гэта сістэматычнае, навуковае прадстаўленне гісторыі беларускага нацыянальнага руху, але ў рамках якіх часоў? Звычайна, яшчэ пачынаючы даследаванне, a найпазней перад публікацыяй гісторык вызначае храналагічныя межы тэксту. У гэтым жа выпадку чытач пакінуты з уласнымі здагадкамі ці дапытлівасцю, хоць адказ на гэтае пытанне нават пасля стараннага прачытання кнігі зусім не лёгкі.
Чытаць далей →

Błaszczyk, Grzegorz. Chrzest Litwy (Генадзь Сагановіч)


BŁASZCZYK, GRZEGORZ. Chrzest Litwy. Poznań: Księgarnia Św. Wojciecha, 2006. — 43 s.

Гэтым вельмі сціслым, але надзвычай звязным выкладам сучасных поглядаў на пытанні, звязаныя з хрысціянізацыяй Літвы, папоўніўся навуковы даробак знанага польскага літуаніста Гжэгажа Блашчыка, аўтара дзесятка аўтарытэтных кніг па гісторыі ВКЛ. Даследчык адмыслова спыняецца на прычынах і наступствах запозненага хрышчэння Літвы, пералічвае этапы яе хрысціянізацыі і склад місіі, ацэньвае ролю асноўных удзельнікаў працэсу, асаблівую ўвагу аддаючы стварэнню віленскай дыяцэзіі і хрышчэнню Жамойці.
Чытаць далей →

Дук, Дзяніс У. Полацк ХVІ–ХVІІІ стагоддзяў. Наваполацк, 2007 (Сяргей Тарасаў)


ДУК, ДЗЯНІС У. Полацк ХVІ-ХVІІІ стагоддзяў: нарысы тапаграфіі, гісторыі матэрыяльнай культуры i арганізацыі жыццёвай прасторы насельніцтва беларускага горада. Наваполацк: ПДУ, 2007. — 268 с., іл.

Многія працы па айчыннай гісторыі, што апошнім часам з’яўляюцца ў Беларусі, грунтуюцца на вывучэнні тых ці іншых пытанняў на падставе аналізу рознага кшталту пісьмовых крыніц. І ў зусім невялікай колькасці даследаванняў у якасці крыніц выкарыстоўваюцца археалагічныя матэрыялы. Спецыфіка гэтай катэгорыі крыніц, па-першае, у складанасці іх здабывання і інтэрпрэтацыі. Па-другое, манаполія Акадэміі навук на самі даследаванні, аўтарскія правы даследчыкаў на атрыманы пад час раскопак матэрыял перашкаджаюць не толькі іх вывучэнню шырокай супольнасцю навукоўцаў, але і простай публікацыі саміх матэрыялаў. Не аспрэчваючы аўтарскае права, варта адзначыць, што агромністая колькасць археалагічнага матэрыялу, знойдзенага на тэрыторыі Беларусі за апошнія 50 гадоў, так і ляжыць „мёртвым грузам» у складах Інстытута гісторыі НАН Беларусі, у запасніках розных музеяў. І гэта толькі па адной прычыне: аўтары раскопак самі апрацаваць яго не маюць сілы і іншым не даюць. Чытаць далей →

Akty cechów wileńskich 1495–1759. Poznań, 2006 ( Марцэлі Косман)


Akty cechów wileńskich 1495-1759. Zebrał i przygotował do druku HENRYK ŁOWMIAŃSKI przy współudziale MARII ŁOWMIAŃSKIEJ i STANISŁAWA KOŚCIAŁKOWSKIEGO. Przedmową i skorowidzami opatrzył Jan Jurkiewicz. Wydawnictwo Poznańskie, Poznań 2006. — 493 + 320 s.

У верасні 1939 г. скончылася дзейнасць добра развітага ў міжваенным часе віленскага гістарычнага асяроддзя, засяроджанага вакол універсітэта Стэфана Баторыя і Таварыства Прыяцеляў Навук, а таксама аднаго з найлепшых гістарычных часопісаў таго часу „Ateneum Wileńskiego». Восень таго года азначала канец нармальных заняткаў, абмежаванне доступу да бібліятэк, a неўзабаве і поўны адрыў ад навуковых варштатаў, у тым ліку спыненне друку не адной кніжкі[1]. Пасля вайны ў сталіцы савецкай Літвы ўсталяваўся развіты цяпер новы даследчыцкі асяродак, які наследаваў традыцыі універсітэта Вітаўта Вялікага, але чэрпаў і з даробку міжваеннага віленскага цэнтра. Даследаванні ВКЛ сталі ўсё актыўней весціся і ў Мінску, а польскія гісторыкі раскідаліся па свеце, над Віслай, Вартай і Одэрам пачынаючы ў асноўным новыя даследчыцкія тэмы[2]. З часам атрымалася збліжэнне гістарычных асяродкаў краін, што з’явіліся на абшарах першай Рэчы Паспалітай, звярнуліся і да міжваенных напрацовак, у тым ліку да прац, якія засталіся ў рукапісе або друк якіх перарваўся на стадыі карэктуры. А многія з іх, нягледзячы на час, захавалі сваю каштоўнасць, асабліва працы аўтара фундаментальных штудыяў пра пачаткі Вялікага Княства[3].
Чытаць далей →