БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Рэцэнзіі'

Артыкулы па тэме ‘Рэцэнзіі’

BEKUS, NELLY. Struggle over Identity: The Official and the Alternative “Belarusianness”. Central European University Press, 2010. 306 p.


У наступным нумары (том 19, 2012) BEKUS, NELLY. Struggle over Identity: The Official and the Alternative “Belarusianness”.

Кніга Нэлі Бекус “Struggle over Identity: the Official and the Alternative “Belarusianness” – адметная праца, якая закранае маладаследаванае пытанне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Праз 20 гадоў пасля атрымання незалежнасці Беларусь застаецца своеасаблівым выпадкам сярод еўрапейскіх краін, у значнай ступені прыцягваючы міжнародную ўвагу наяўнасцю адзінага на кантыненце недэмакратычнага рэжыму. Цягам больш чым сямнаццацігадовага кіравання Лукашэнкі Захад так і не здолеў знайсці спосабы, каб заахвоціць афіцыйны Мінск да шчыльнейшага супрацоўніцтва, хоць Беларусь як наўпроставая суседка ЕС мае з шэрагам ягоных краін-удзельніц агульныя культурныя і гістарычныя традыцыі. Да нядаўняга часу беларускай тэматыкай у заходніх сацыяльна-палітычных навуках займаліся пераважна навукоўцы небеларускага паходжання. Гэтая тэндэнцыя пачала змяняцца цягам апошніх дзесяці гадоў, калі ў заходніх навуковых часопісах сталі з’яўляцца артыкулы даследчыкаў беларускага паходжання па тэматыцы беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Праца Нэлі Бекус – першая кніга, прысвечаная беларускай ідэнтычнасці, напісаная навукоўцам беларускага паходжання і надрукаваная на Захадзе на англійскай мове. Чытаць далей →

Andrew Wilson. Belarus: the Last European Dictatorship. Yale University Press, 2011. 256 p.


У наступным нумары (том 19, 2012)

Зацікаўленасць Эндру Уілсана Беларуссю прасочваецца з другой паловы 1990-х, калі ён надрукаваў раздзел “Myths of national history in Belarus and Ukraine” (“Міфы нацыянальнай гісторыі ў Беларусі і Украіне”) у кнізе G. Hosking and G. Schöpflin (eds.) “Myths and nationhood” (Hurst & Co., 1997). У гэтым раздзеле аўтар параўноўваў патэнцыял і аўтарытэтнасць нацыянальных міфаў у Беларусі і Украіне. Паводле Уілсана, калі ўкраінскія нацыянальныя міфы не вельмі пераканальныя і стабільныя, то беларускай нацыянальнай міфатворчасці “пры адсутнасці магутнага канкурэнтнага міфа аб колішняй дзяржаўнасці ці рэлігійнай выключнасці было надзвычай цяжка адпрэчыць усе панславісцкія і савецкія міфы” (197), што пры спробе звярнуцца да шматвяковай гістарычнай дзяржаўнасці беларускага народа пакінула Беларусь практычна без “неабходных крыніц легітымізацыі” (197). Уілсан таксама зазначаў, што беларусы “не маюць якой-небудзь выразна сваёй дзяржаўнай фармацыі да XX ст., каб да яе можна было апеляваць і ўсхваляць”, а таму, “каб усталяваць традыцыю дзяржаўнасці ў сярэднявечны перыяд… беларусы павінны пасунуць літоўскую гістарыяграфію, сцвярджаючы, што дзяржава, заснаваная Міндоўгам… была насамрэч беларускай, а не літоўскай (летувіскай)…” (188). Таму, згодна з Уілсанам, асобная беларуская ідэнтычнасць мае малыя магчымасці для развіцця паміж праваслаўнымі расіянамі і рыма-каталікамі палякамі ды літоўцамі (189). На падставе ўяўнай недастатковасці “наратыву асобнага развіцця беларусаў” Уілсан робіць выснову, што “беларускі “залаты век” не быў здольны павесці Беларусь шляхам, які б разыходзіўся з расійскай культурнай традыцыяй у доўгачасовай перспектыве” (193). Таму Уілсан лічыць беларусаў выключна савецкім стварэннем з чужой дасавецкай гісторыяй і ўспрымае Беларусь у межах расійскай культурнай прасторы. Чытаць далей →

КАЛЕЧЫЦ, ІННА Л. Эпіграфіка Беларусі X—XIV стст. Мінск: Беларуская навука, 2011. 271с.


Нарэшце і помнікі эпіграфікі на тэрыторыі Беларусі дачакаліся свайго даследчыка. Аўтар манаграфіі „Эпіграфіка Беларусі X-XIV стст.» І. Калечыц вельмі амбіцыйна вызначае ролю сваёй працы, якая „кладзе пачатак існаванню айчыннай эпіграфікі як дапаможнай гістарычнай дысцыпліны» (5). Сапраўды, гэта першае агульнае даследаванне эпіграфічных помнікаў на Беларусі, якія дагэтуль разглядаліся выключна ў межах прац па іншай праблематыцы (напрыклад, археалагічных, палеаграфічных і інш.). Адзінкавыя знаходкі не разглядаліся ў сукупнасці, што не давала агульнага ўяўлення аб развіцці пісьменства на тэрыторыі Беларусі у Сярэднявеччы. Такім чынам манаграфія І. Калечыц дае магчымасць чытачам убачыць абагульненую карціну развіцця пісьменства на землях Беларусі ў X-XIV ст. Між тым, разгляд эпіграфічных помнікаў выходзіць далёка за заяўленыя храналагічныя межы, напрыклад, калі размова ідзе пра графіці полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы. Уключэнне ў даследаванне графіці XVІІ ст. выглядае цалкам слушным і заканамерным. Графіці Спаса-Праабражэнскай царквы ўтвараюць адзіны комплекс, вывучэнне якога дазваляе не толькі прасачыць змены ў развіцці пісьменства, але і высветліць шэраг іншых пытанняў. Храналагічныя абмежаванні значна ўскладнілі б гэтую задачу.
Чытаць далей →

Poznań — Wilnu. Studia historyków w roku tysiąclecia Państwa Litewskiego / Pod red. ZBYSŁAWA WOJTKOWIAKA. Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2010. 272 s.

Гэтая кніга вучыць, што да ланцужка, які віртуальна яднае сталіцы Вялікай Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага — Познань і Вільню, можна дадаваць усё новыя і новыя звёны, адкрываючы для сябе цудоўны свет скрыжавання чалавечых лёсаў. Ва ўступным слове рэдактар зборніка навуковых артыкулаў прафесар Збыслаў Вайтковяк паспрабаваў нанізаць іх ажно цэлы тузін. Але калі браць пад увагу традыцыі гістарыяграфіі, то Познань і Вільня перадусім будуць паяднаны адной асобай — прафесарам Генрыкам Лаўмяньскім. Выпускнік Кіеўскага ўніверсітэта, вучань Мітрафана Доўнара-Запольскага, ён узняў школу гісторыі Вялікага Княства Літоўскага на зусім новы ўзровень — як у Вільні, так і у Познані. Лаўмяньскі застаецца велічнай зоркай на небасхіле двух гарызонтаў — над барочнымі вежамі Кафедральнага сабора на востраве Тумскім і над каронай езуіцкага касцёла Святога Казіміра.
Чытаць далей →

FORYCKI, MACIEJ. Chorografia Rzeczypospolitej szlacheckiej w Encyklopedii Diderota i d’Alemberta. Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2010. 332 s.


Сучасных даследчыкаў гісторыі ўсё больш цікавяць пытанні дыяхранічнага развіцця культуры ў шырокім антрапалагічным разуменні. У гэтай сувязі аддаецца больш увагі вывучэнню ментальнай гісторыі — вобразам людзей, іх уяўленням пра навакольнае асяроддзе, сваю краіну, дзяржаву, мінулае, пра суседзяў, умовы жыцця, пачуцці, інтарэсы і г. д. Яшчэ больш цікавыя вобразы і ўяўленні, якія ствараліся не жыхарамі сваёй краіны, а тымі, каго ў сацыяльна-культурнай антрапалогіі называюць „чужымі», ці „іншымі» — прадстаўнікамі дзяржаў суседніх і не толькі (другія для гісторыкаў нават больш цікавыя, бо іх уяўленні менш залежаць ад палітычнай ці ідэалагічнай кан’юнктуры, створаны на падставе розных стэрэатыпаў), якія праязджалі праз краіну, былі тут па справах, некаторы час жылі сярод мясцовага насельніцтва і здолелі ўбачыць тое і здзівіцца таму (і занатаваць), што для „тутэйшых» было чымсьці звычайным, традыцыйным і не вартым увагі.
Чытаць далей →

ДОЛБИЛОВ, МИХАИЛ Д. Русский край, чужая вера: этноконфессиональная политика империи в Литве и Белоруссии при Александре II. Москва: Новое литературное обозрение, 2010. 1000 с.


Са стварэннем новых дзяржаў на постсавецкай прасторы, з адраджэннем царкоўнага жыцця ў 90-я г. XX ст. пачалі праводзіцца даследаванні па этнічнай і канфесійнай гісторыі, пры гэтым яны ішлі практычна паралельна, як у Расіі, так і ў Беларусі, Літве і іншых краінах. У 2010 г. выйшла грунтоўная кніга, важная для даследчыкаў, што займаюцца гэтымі праблемамі перыяду канца XVIII — пачатку XX ст., калі тэрыторыя Беларусі і Літвы ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі. Яе аўтар ужо вядомы беларускім гісторыкам па артыкулах у „Ab Imperio», а таксама кнігамі (адзін з аўтараў) „Западные окраины Российской империи» (Масква, 2006) і (разам са Д. Сталюнасам) „Обратная уния: из истории отношений между католицизмом и православием в Российской империи. 1840-1873″ (Вільня, 2010)[1].
Чытаць далей →

МОСЕЙКИНА, МАРИНА Н. «Рассеяны, но не расторгнуты»: русская эмиграция в странах Латинской Америки в 1920—1960 гг. Москва: РУДН, 2011. 384 с.


Марыны Масейкінай прысвечана пытанням фармавання і развіцця рускай дыяспары на лацінаамерыканскім кантыненце з 1920 да 1960 г. У даследаванні падрабязна і рознабакова разглядаецца феномен рускага замежжа, вывучаецца менталітэт дыяспары і асаблівасці сацыяльна-прававой, эканамічнай і культурнай адаптацыі эмігрантаў, аналізуюцца асноўныя палітычныя цэнтры рускага замежжа. Аўтар падае ўласныя, абсалютна новыя для сучаснага эмігрантазнаўства, ацэнкі ролі „Рускага свету» ў мінулым краін Лацінскай Амерыкі.

Даследаванне М. Масейкінай абапіраецца на шырокае кола неапублікаваных гістарычных крыніц. Асабліва актыўна аўтар спасылаецца на дакументы з фондаў Архіва знешняй палітыкі Расійскай Федэрацыі, Архіва знешняй палітыкі Расійскай імперыі, Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, Расійскага дзяржаўнага ваеннага архіва, архіва-фонда Бібліятэкі „Рускае замежжа» імя А. Салжаніцына, Рускага архіва Універсітэта г. Лідс у Вялікабрытаніі.
Чытаць далей →

ТРУС, МІКОЛА. Янка Купала ў Славакіі / навук. рэд. І. А. ЧАРОТА. Мінск: Рэдакцыя часопіса „Роднае слова», 2012. 176 с.: іл.


Кніга беларускага філолага Міколы Труса напісана на стыку гісторыі і гісторыі літаратуры. З аднаго боку, аўтар імкнуўся паказаць пэўны сюжэт у біяграфіі знакамітага беларускага паэта Янкі Купалы, а з другога — сітуацыю, у якой жылі і дзейнічалі прадстаўнікі культуры ў БССР (СССР) і Чэхаславакіі. У значнай ступені аўтар дабіўся пастаўленай мэты.

Даследаванне М. Труса складаецца з дзесяці раздзелаў-артыкулаў, аб’яднаных асобай Я. Купалы, пры гэтым кожны з іх уяўляе сабой асобны сюжэт у гісторыі візіту беларускага паэта ў Славакію ў 1935 г. Пасля прадмоў Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і аўтара ідзе першая, фактычна ўводная частка, якая знаёміць чытача з сітуацыяй, што склалася ў міжваеннай Чэхаславакіі (і адпаведна — Славакіі), з асаблівасцямі развіцця славацкай літаратуры, прычынамі накіравання і складам савецкай дэлегацыі. Янка Купала не ўзначальваў групу, тым не менш, як адзначае М. Трус, увага славацкіх перыядычных выданняў была прыцягнута і да яго асобы.
Чытаць далей →

„Запісы БІНіМ» Т. 30-34 (2006-2011)


Не таямніца, што даследаванні эміграцыі ў беларускай гістарычнай навуцы знаходзяцца не на належным узроўні. Праўда, з моманту атрымання Беларуссю незалежнасці выйшла пэўная колькасць публікацый, прысвечаных эміграцыйнай праблематыцы, аднак складана гаварыць пра нейкі значны крок у гэтым напрамку. Так, мала комплексных даследаванняў па гісторыі беларускай эміграцыі. Шэрагі даследчыкаў эміграцыі павялічваюцца вельмі павольна. Галоўная прычына — адсутнасць буйных навуковых асяродкаў, якія б на сур’ёзным узроўні займаліся вывучэннем эміграцыйнай праблематыкі. Гэты „недахоп» прынамсі часткова кампенсуе выданне гадавіка „Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва».
Чытаць далей →

Войцех Матэрскі. Да стандартаў савецкай эпохі?*


*  Польша – Беларусь (1921–1953): сб. документов и материалов / сост.: А. Н. ВАБИЩЕВИЧ [и др.]. Минск: Беларуская навука, 2012. 423 с.

Дадзены зборнік дакументаў разлічаны, як паведамляе рэдактар, на “профессиональных историков и широкий круг общественности”. Ён адлюстроўвае на аснове арыгінальных архіўных матэрыялаў “различные аспекты польско-белорусских отношений в 1921–1953 гг.” (423).
Чытаць далей →

СМИЛОВИЦКИЙ, ЛЕОНИД Л. Евреи в Турове: История местечка Мозырского Полесья. Иерусалим, 2008. 846 c.

Леанід Смілавіцкі, вядомы ў міжнародным маштабе гісторык беларускіх яўрэяў, – аўтар выдатнай манаграфіі па гісторыі яўрэйскай грамады беларускага горада Турава. Мэтай Смілавіцкага было напісанне комплекснага даследавання як для навуковых колаў, так і для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй рускага і еўрапейскага яўрэйства, і ён выканаў свой намер вельмі якасна.

Тураў – адзін з найстарэйшых гарадоў на тэрыторыі Беларусі, цягам сваёй гісторыі ён зазнаваў рускі, украінскі і польскі ўплывы. У даследаванні разглядаюцца сацыяльная структура, эканамічнае, этнічнае, міжнацыянальнае і духоўнае жыццё горада. Акрамя таго, закранаюцца пытанні адукацыі, сямейнага жыцця, аховы здароўя і ўмоў жыцця, а таксама ўплыву рускіх рэвалюцый. Асноўная ўвага аддаецца пытанням эміграцыі, пераследаў, у тым ліку цкаванню сіяністаў, пагромам сінагог і сталінскім рэпрэсіям. Нарэшце аўтар дакументуе трагедыі яўрэйскай грамады Турава пад час нацысцкай акупацыі, а таксама праблемы пасляваеннага аднаўлення горада.
Чытаць далей →

Гарадзенскі гадавік. № 1. Рэд. ЮРЫГАРДЗЕЕЎ. Гродна, 2012. 118 с.


У межах кніжнай серыі “Гарадзенская бібліятэка” ўбачыў свет першы нумар перыядычнага выдання “Гарадзенскі гадавік”, прысвечаны праблемам мінулага Горадні. Характар выдання лакальны і ў пэўным сэнсе пераклікаецца са зборнікам артыкулаў “Гарадзенскі палімпсест”, які выходзіць штогод па выніках канферэнцыі. Але калі “Гарадзенскі палімпсест” акцэнтуе ўвагу на гісторыі дзяржаўных устаноў, сацыяльнай і рэлігійнай гісторыі горада, то ўвага аўтараў “Гарадзенскага гадавіка” зводзіцца да багатага на падзеі мінулага шматлікіх аб’ектаў горада (плошчаў, вуліц,будынкаў). Гэтая ініцыятыва, безумоўна, добрая, і мы мусім вітаць першае такое выданне. Іншае пытанне – наколькі аўтары будуць трымацца такога фармату і далей. Варта адзначыць, што тэматыка, закранутая “Гадавіком”, у свой час падымалася ў “Гарадзенскім палімпсесце”[1].
Чытаць далей →

BALCERAK, WIESŁAW. Z dziejow zamierzeń federacyjnych Jozefa Piłsudskiego. Warszawa: InstytutHistorii PAN, Mazowiecka Wyższa Szkoła Humanistyczno-Pedagogiczna w Łowiczu, 2011. 73 s.

Чарговае выданне вядомага польскага гісторыка Веслава Бальцэрака ўяўляе сабой зборнік дакументаў канферэнцыі, якая адбылася 15–20 студзеня 1920 г. у Фінляндыі з удзелам, акрамя гаспадароў, Эстоніі, Латвіі, Літвы і Польшчы – такім чынам, дзяржаў, якія паўсталі ў выніку Першай сусветнай вайны. Той форум за даволі кароткі час быў адным з шэрагу падобных палітычных мерапрыемстваў дзяржаў-лімітрофаў, якім давялося вырашаць праблемы асабістай бяспекі. Пагроза сыходзіла перадусім з боку нядаўняга іх каланіяліста – Расіі, якая да таго часу зрабілася бальшавіцкай, што значна павялічыла ступень пеяратыўнасці ўсходняга (для названых новапаўсталых дзяржаў) суседа.

Галоўнае пытанне, якое абмяркоўвалася, – арганізацыя сумеснай абароны ў выпадку нападу на любую з дзяржаў. Выданне адлюстроўвае ход паседжанняў. На іх панавала, як можа падацца, атмасфера даволі прыязная (за выключэннем польска-літоўскіх стасункаў, якія, аднак, не афішаваліся). Здавалася б, дзяржавы, маючы фактычна аднумэту – захаванне незалежнасці, павінны былі прыкласці ўсе намаганні, каб яе дасягнуць, па магчымасці нейтралізаваць галоўны фактар пагрозы. Аднак становішча дзяржаў было розным. Фінляндыя і Польшча пачувалі сябе больш упэўнена. Літва ж мела з апошняй прынцыповую спрэчку, якая да таго часу яшчэ не была вырашана, – за Віленшчыну. Таму спакой, памяркоўнасць і схільнасць да кансэнсусу, якія панавалі на канферэнцыі, можна лічыць толькі культурай дыпламатыі. Хоць усе бакі зрабілі крок да канструктыўнага вырашэння праблемы бяспекі іх дзяржаў, прыняўшы адпаведную рэзалюцыю, відавочна, пытанні заставаліся адкрытымі. Таму наперадзе, па ўзаемнай згодзе, планавалася правядзенне падобных мерапрыемстваў (прычым з пашырэннем кола ўдзельнікаў). Чытаць далей →