БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Сяргей Санько. Па слядах адной легенды

Прохоров, Андрей. Князь Тур: история легенды. Сакрализация княжеской власти у славян. Минск: БГУ, 2005.

Кепска дзякуюць аўтару, калі застаюцца толькі чытачамі…

Паводле „Заратустры» Ф. Ніцшэ

Кніга Андрэя Прохарава унікальная ў сваім родзе, і не толькі таму, што адмыслова прысвечана прасвятленню, так бы мовіць, ідэалагічнага кантэксту адзінкавага летапіснага сведчання пра дзейнасць адной з найбольш цьмяных і загадкавых постацяў ранняй беларускай гісторыі, але і таму, што дзейнасць гэтая (рэальная і / ці моцна міфалагізаваная) упісваецца аўтарам у „шырокі індаеўрапейскі кантэкст», які, у сваю чаргу, дазваляе аўтару ставіць і прапаноўваць арыгінальнае развязанне цэлага шэрагу праблем славянскага і ўласна беларускага этнагенезу.
Чытаць далей →

Станіслаў Рудовіч. Кім быў Вацлаў Іваноўскі


Туронак Юры. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. Мінск: Медысонт, 2006. — 180 с., [16] с. іл.

Працы па гісторыі Беларусі польскага даследчыка беларускага паходжання Юрыя Туронка набылі вядомасць на радзіме яго бацькоў у канцы 1980-х — пачатку 90-х г. Апрача шэрагу артыкулаў, у 1993 г. у Мінску ў перакладзе на беларускую мову была выдадзена доктарская манаграфія Ю. Туронка „Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Вядома, не ўсе пагаджаліся з падыходамі і высновамі даследчыка. Але бясспрэчна, што на фоне тагачаснай айчыннай гістарыяграфіі, якая толькі пачынала выкарасквацца з-пад савецкага ідэалагічнага кантролю, публікацыі д-ра Туронка выгодна вылучаліся і смелым выбарам тэматыкі, і выкарыстаннем масы недаступных для савецкіх гісторыкаў крыніц, i дасканалай методыкай іх аналізу, якая дазваляла аўтару нават пры абмежаванасці дакументальнай базы атрымліваць максімум цікавай інфармацыі. Кідалася ў вочы і яшчэ адна ўласцівасць творчай манеры гісторыка: не ўтойваючы сваіх сімпатый да беларускай ідэі і яе рупліўцаў, даследчык тым не менш не парушаў прынцыпу навуковай аб’ектыўнасці, непрадузята і часам даволі крытычна ацэньваў многія знакавыя падзеі і постаці беларускай гісторыі, разбураючы тым самым шэраг устаялых стэрэатыпаў не толькі падсавецкай, але і альтэрнатыўнай ёй эмігранцкай гістарыяграфіі.
Чытаць далей →

Наталля Гардзіенка. Плагіят і прафанацыя гісторыі беларускай дыяспары


Беларуская дыяспара: нарысы гісторыі і сучаснага стану / М.М. Бацян [і інш.]. Мінск, 2006. — 160 с.

Беларускае эміграцыязнаўства апошніх гадоў зведала істотныя змены: усё больш даследчая актыўнасць пераносіцца з эмігранцкіх асяродкаў у метраполію, у працах усё часцей з’яўляюцца праблемы, не звязаныя выключна з эміграцыйнай літаратурай, усё больш уводзіцца ў навуковы зварот раней невядомых дакументаў і матэрыялаў. Разам з тым, у беларускім эміграцыязнаўстве пераважаюць галіновыя працы, прысвечаныя пэўнай краіне, сферы дзейнасці, асобе. У выніку разуменне агульнай гісторыі беларускай эміграцыі i яе сучаснага стану губляецца, адыходзіць на другі план. Менавіта таму з’яўленне абагульняльнага выдання, прысвечанага беларускай дыяспары, выглядае як падзея унікальная, вартая асаблівай увагі і адзнакі. Некалі манаграфія „Беларуская эміграцыя» Барыса Сачанкі стала своеасаблівым адпраўным пунктам эміграцыязнаўства ў метраполіі, i пасля яе не выдавалася больш сістэматызацыйных даследаванняў, дзе б былі прадстаўлены разам найбуйнейшыя беларускія асяродкі ў свеце.
Чытаць далей →

Řezník, Miloš. Bĕlorusko: Stručná historie statů. Praha, 2003 (Наталля Прыступа)

ŘEZNÍK, MILOŠ. Bĕlorusko: Stručná historie států. Sv. 12. Praha: Nakladatelství Libri. 2003. — 110 s.

У 2003 г. у Празе выйшла кніга Мілаша Ржэзніка „Беларусь» (выдавецтва „Лібры», серыя „Кароткі нарыс гісторыі краін свету»). Як сказана ў прадмове, мэтай даследавання з’яўляецца адлюстраванне гісторыі беларускага краю — пагатоў, дагэтуль у чэшскай гістарыяграфіі не было якой-кольвек абагульняльнай працы па дадзенай тэме. У сціслым пераказе прапануецца гісторыя беларускага народа са старажытных часоў да нашых дзён: толькі звяртаючыся да даўніны, сведчыць аўтар, можна растлумачыць працэсы, якія зазнае Беларусь сучасная.

На думку М. Ржэзніка, неабходна падзяляць гісторыю дзяржавы і гісторыю народа. Незалежная краіна пад назвай „Беларусь» узнікла толькі пасля распаду СССР у пачатку 1990-х г. — гісторыя ж беларускага народа налічвае не адно стагоддзе. Увогуле, цяжкасці ў вывучэнні гісторыі беларусаў абумоўлены, сцвярджае М. Ржэзнік, этнічнай і моўнай стракатасцю краіны ды супярэчлівым развіццём самасвядомасці беларусаў. Як высвятляецца, няпроста нават вызначыць дакладную назву рэгіёну ў кантэксце старажытнай гісторыі.
Чытаць далей →

Булгаков, Валер. История белорусского национализма (Ян Левандоўскі)

БУЛГАКОВ, ВАЛЕР. История белорусского национализма. Вильнюс: Институт белоруссистики, 2006. — 331 с.

Элементарныя пытанні, якія ставіць перад сабою рэцэнзент якога-небудзь тэксту, датычаць, між іншага, яго характару (навуковы, публіцыстычны, літаратурны i г.д.), адпаведнасці тытулу і зместу, храналагічнага і тэрытарыяльнага абсягу, i ўрэшце (a на справе перадусім) самой яго сутнасці. Апрача гэтага чытач хацеў бы ведаць, якую навуковую дысцыпліну (ці дысцыпліны) прэзентуе праца, гэта значыць якімі крытэрыямі карыстаецца аўтар як у апісанні рэчаіснасці (падборы фактаў і з’яў), так і ў ацэнцы ды кваліфікаванні прадстаўляных падзей і працэсаў.

Валер Булгакаў ставіць чытача перад вельмі цяжкай задачай. Пачнем ад тытула. З яго вынікае, што гэта сістэматычнае, навуковае прадстаўленне гісторыі беларускага нацыянальнага руху, але ў рамках якіх часоў? Звычайна, яшчэ пачынаючы даследаванне, a найпазней перад публікацыяй гісторык вызначае храналагічныя межы тэксту. У гэтым жа выпадку чытач пакінуты з уласнымі здагадкамі ці дапытлівасцю, хоць адказ на гэтае пытанне нават пасля стараннага прачытання кнігі зусім не лёгкі.
Чытаць далей →

Błaszczyk, Grzegorz. Chrzest Litwy (Генадзь Сагановіч)


BŁASZCZYK, GRZEGORZ. Chrzest Litwy. Poznań: Księgarnia Św. Wojciecha, 2006. — 43 s.

Гэтым вельмі сціслым, але надзвычай звязным выкладам сучасных поглядаў на пытанні, звязаныя з хрысціянізацыяй Літвы, папоўніўся навуковы даробак знанага польскага літуаніста Гжэгажа Блашчыка, аўтара дзесятка аўтарытэтных кніг па гісторыі ВКЛ. Даследчык адмыслова спыняецца на прычынах і наступствах запозненага хрышчэння Літвы, пералічвае этапы яе хрысціянізацыі і склад місіі, ацэньвае ролю асноўных удзельнікаў працэсу, асаблівую ўвагу аддаючы стварэнню віленскай дыяцэзіі і хрышчэнню Жамойці.
Чытаць далей →

Дук, Дзяніс У. Полацк ХVІ–ХVІІІ стагоддзяў. Наваполацк, 2007 (Сяргей Тарасаў)


ДУК, ДЗЯНІС У. Полацк ХVІ-ХVІІІ стагоддзяў: нарысы тапаграфіі, гісторыі матэрыяльнай культуры i арганізацыі жыццёвай прасторы насельніцтва беларускага горада. Наваполацк: ПДУ, 2007. — 268 с., іл.

Многія працы па айчыннай гісторыі, што апошнім часам з’яўляюцца ў Беларусі, грунтуюцца на вывучэнні тых ці іншых пытанняў на падставе аналізу рознага кшталту пісьмовых крыніц. І ў зусім невялікай колькасці даследаванняў у якасці крыніц выкарыстоўваюцца археалагічныя матэрыялы. Спецыфіка гэтай катэгорыі крыніц, па-першае, у складанасці іх здабывання і інтэрпрэтацыі. Па-другое, манаполія Акадэміі навук на самі даследаванні, аўтарскія правы даследчыкаў на атрыманы пад час раскопак матэрыял перашкаджаюць не толькі іх вывучэнню шырокай супольнасцю навукоўцаў, але і простай публікацыі саміх матэрыялаў. Не аспрэчваючы аўтарскае права, варта адзначыць, што агромністая колькасць археалагічнага матэрыялу, знойдзенага на тэрыторыі Беларусі за апошнія 50 гадоў, так і ляжыць „мёртвым грузам» у складах Інстытута гісторыі НАН Беларусі, у запасніках розных музеяў. І гэта толькі па адной прычыне: аўтары раскопак самі апрацаваць яго не маюць сілы і іншым не даюць. Чытаць далей →

Akty cechów wileńskich 1495–1759. Poznań, 2006 ( Марцэлі Косман)


Akty cechów wileńskich 1495-1759. Zebrał i przygotował do druku HENRYK ŁOWMIAŃSKI przy współudziale MARII ŁOWMIAŃSKIEJ i STANISŁAWA KOŚCIAŁKOWSKIEGO. Przedmową i skorowidzami opatrzył Jan Jurkiewicz. Wydawnictwo Poznańskie, Poznań 2006. — 493 + 320 s.

У верасні 1939 г. скончылася дзейнасць добра развітага ў міжваенным часе віленскага гістарычнага асяроддзя, засяроджанага вакол універсітэта Стэфана Баторыя і Таварыства Прыяцеляў Навук, а таксама аднаго з найлепшых гістарычных часопісаў таго часу „Ateneum Wileńskiego». Восень таго года азначала канец нармальных заняткаў, абмежаванне доступу да бібліятэк, a неўзабаве і поўны адрыў ад навуковых варштатаў, у тым ліку спыненне друку не адной кніжкі[1]. Пасля вайны ў сталіцы савецкай Літвы ўсталяваўся развіты цяпер новы даследчыцкі асяродак, які наследаваў традыцыі універсітэта Вітаўта Вялікага, але чэрпаў і з даробку міжваеннага віленскага цэнтра. Даследаванні ВКЛ сталі ўсё актыўней весціся і ў Мінску, а польскія гісторыкі раскідаліся па свеце, над Віслай, Вартай і Одэрам пачынаючы ў асноўным новыя даследчыцкія тэмы[2]. З часам атрымалася збліжэнне гістарычных асяродкаў краін, што з’явіліся на абшарах першай Рэчы Паспалітай, звярнуліся і да міжваенных напрацовак, у тым ліку да прац, якія засталіся ў рукапісе або друк якіх перарваўся на стадыі карэктуры. А многія з іх, нягледзячы на час, захавалі сваю каштоўнасць, асабліва працы аўтара фундаментальных штудыяў пра пачаткі Вялікага Княства[3].
Чытаць далей →

Савченко, Сергій. Давня Русь у полемічній літературі кінця ХVI–XVII ст. (Генадзь Сагановіч)


САВЧЕНКО, СЕРГІЙ. Давня Русь у полемічній літературі кінця ХVІ-ХVІІ століття. Дніпропетровськ: ТОВ „Інновація», 2007. — 186 с

Кніга маладога ўкраінскага гісторыка, ужо знаёмага нашым чытачам па публікацыях у БГА, прысвечана вобразам гісторыі Русі і іх выкарыстанню ў рэлігійнай публіцыстыцы ХVІ-ХVІІ ст. Па сутнасці, яна непасрэдна тычыцца складанай праблемы вытокаў гістарычна-культурнай ідэнтычнасці навачасных украінцаў і беларусаў. Нягледзячы на працяглую традыцыю вывучэння палемічнай літаратуры, якая паўстала ў сувязі з царкоўнай уніяй 1596 г., гістарычная свядомасць праваслаўных і каталіцкіх палемістаў засталася сапраўды маладаследаванаю, так што аўтар узяўся за бясспрэчна актуальную тэму.
Чытаць далей →

Niendorf, Mathias. Das Großfürstentum Litauen. Studien zur Nationsbildung in der Frühen Neuzeit (Штэфан Родэвальд)


NIENDORF, MATHIAS. Das Großfürstentum Litauen. Studien zur Nationsbildung in der Frühen Neuzeit (1569-1795) (=Veröffentlichungen des Nordost-Instituts; 3), Harrassowitz Verlag Wiesbaden 2006. — 329 s., 3 Karten.

Маціяс Ніндорф стварыў грунтоўнае адмысловае даследаванне „адсутнага звяна» паміж формамі познесярэднявечных „нацыяў» (nationes) і мадэрнымі нацыямі, напісанае на самым высокім навуковым узроўні: на прыкладзе Вялікага Княства Літоўскага ён разгледзеў нацыі, мовы і канфесіі як феномены нацыятворчых працэсаў ранняга Новага часу. Зварот да ВКЛ тым больш варта вітаць, што яно, нягледзячы на такое працяглае існаванне і часам анармальныя тэрытарыяльныя памеры ды незвычайную культурную размаітасць, засталося амаль без увагі[1] па-за дзяржавамі — пераемніцамі гэтага княства. Але і ў нацыянальных гістарыяграфіях рэгіёну — толькі ў зародку такія метадычныя падыходы да шматнацыянальнай дзяржавы, якія дэманструюць абстрагаванне ад этнічных і канфесійных падзелаў.
Чытаць далей →

Testamenty Jana, Tomasza i Jana „Sobiepana” Zamojskich. Opr. W. Kaczorowski (Марцэлі Косман)

Testamenty Jana, Tomasza i Jana „Sobiepana» Zamojskich. Opracował WŁODZIMIERZ KACZOROWSKI. Wydawnictwo Uniwersytetu Opolskiego. Opole, 2007. — 107 s.

Старапольскія тэстаманты з’яўляюцца каштоўнымі крыніцамі па гісторыі палітычнай, гаспадарчай, культурнай, веравызнаўчай і іншай, таму не дзіўна, што яны даўно выклікалі вялікую цікавасць, хоць няшмат такіх помнікаў было камплектна выкарыстана ў даследаваннях, і асабліва апублікавана ў адпаведнасці з патрабаваннямі археаграфічных выданняў. Таму цяпер выходзяць вартыя даверу выданні тых помнікаў, якія да гэтага часу былі вядомыя з эдыцый XIX в. (пераважна сумнеўнай якасці), або яшчэ зусім невядомыя, здабытыя ў архівах. Чытаць далей →

Gil, Andrzej. Chelmska diecezja unicka 1596–1810 (Святлана Марозава)


GIL, ANDRZEJ. Chelmska diecezja unicka 1596-1810. Dzieje i organizacja. Lublin: Instytut Europy ŚrodkowoWschodniej, 2005. — 338 s.

У канцы ХVI ст. на абшарах Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, дзе цяпер раскінуліся Польшча, Літва, Беларусь і Ўкраіна, адбылася шматзначная паводле сваіх наступстваў сустрэча-сутыкненне двух культурна-рэлігійных светаў — заходне- і ўсходнехрысціянскага. Праявы і вынікі гэтай сустрэчы да сённяшняга дня адчувальныя ў розных сферах грамадскага жыцця рэгіёну. Таму Берасцейская царкоўная унія 1596 г., гісторыя уніяцкай (грэка-каталіцкай) царквы і яе асобных тэрытарыяльна-адміністрацыйных структур здаўна адносяцца да ліку ключавых даследчыцкіх праблем у беларускай, украінскай, польскай гістарыяграфіі, з’яўляюцца прадметам вострых навуковых і пазанавуковых дыскусій.
Чытаць далей →

Kalembka, Sławomir. Wielka Emigracja. 1831–1863 (Зміцер Мацвейчык)


KALEMBKA, SŁAWOMIR. Wielka Emigracja. 1831-1863. Toruń: Wydawnictwo Adam Marszałek, 2003. — 434 s.

Паражэнне нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830-1831 г. (Лістападаўскага) у Польшчы, Беларусі і Літве выклікала феномен Вялікай эміграцыі яго ўдзельнікаў і прыхільнікаў у краіны Заходняй Еўропы і на іншыя кантыненты. Землі колішняй Рэчы Паспалітай пакідалі члены паўстанцкага ўрада, дэпутаты, арганізатары і кіраўнікі ўзброеных фармаванняў, студэнты, дзеячы культуры і навукі. Сярод іх каля 1,5-1,7 тыс. чалавек былі выхадцамі з Беларусі і Літвы. Многія эмігранты спадзяваліся сваёй дзейнасцю за мяжой наблізіць час вызвалення айчыны. Яны стварылі дзесяткі арганізацый, выдалі тысячы навуковых, літаратурных i публіцыстычных твораў. Аднак лёс большасці эмігрантаў склаўся трагічна. Вельмі многія з іх памерлі на чужыне, так і не ўбачыўшы больш роднага краю. Толькі невялікая частка здолела вярнуцца на радзіму[1].
Чытаць далей →