БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Рэцэнзіі'

Артыкулы па тэме ‘Рэцэнзіі’

ХАЯСАКА, МАКОТА. Літва. Уплыў гістарычнай традыцыі на фармаванне нацый. “Краёвая ідэя” з перспектывы сучаснасці. Токіа, 2017. 428, 112 c. (на японскай мове).


Імя японскага прафесара Макоты Хаясакі (Makoto Hаyasaka) досыць вядомае ў славістычных колах. Нарадзіўся Хаясака 19 лістапада 1948 г. у горадзе Сапара. Пасля заканчэння тамтэйшага ўніверсітэта ў 1975 г. праходзіў навуковую стажыроўку ў Польшчы (пераважна ў Варшаве і Кракаве; 1975–1979). Ужо тады ён наведаў Падляшша – памежны рэгіён, дзе побач жывуць палякі, беларусы і ўкраінцы, рэгіён, які захаваў свой стракаты культурны ландшафт. У 1983 г. атрымаў у сваёй “альма матэр” навуковую ступень (Ph.D) і стаў выкладаць ва ўніверсітэце Ібаракі (ад’юнкт, дацэнт, прафесар; 1983–1996). З 1997 г. і да сёння працуе прафесарам тэхналагічнага інстытута ў Токіа, у гэты перыяд стажыраваўся ў Расіі (1992–1993), Польшчы (1993), Літве (1996–1998). Быў і ва Украіне ў 1992 г. (Кіеў, Днепрапятроўск, Львоў). Свабодна валодае польскай і рускай мовамі, чытае і разумее па-беларуску і па-ўкраінску. Спачатку займаўся праблемамі паланістыкі (у прыватнасці, дзейнасць Міхала Чайкоўскага – Садык-пашы), потым русістыкі (гісторыя старавераў), а пазней усё больш увагі стаў аддаваць украіністыцы і беларусістыцы. Так, у 1994 г. выдаў у Токіа манаграфію “Украіна. Як адбудаваць сваю айчынную гісторыю”, якая была заўважана спецыялістамі і атрымала станоўчыя водгукі. Кола асноўных інтарэсаў навукоўца – усходняе і заходняе славянства ў XIX–ХХ ст. У 1999 г. у Токіа выйшла чарговая манаграфія Хаясакі “Адна з крыніц ідэі рэвалюцыйнай дыктатуры: расійскае якабінства і польскае пытанне”. Вялікую цікавасць украіністаў і беларусістаў выклікала кніга вучонага “Беларусь. Гісторыя Памежжа: разважанні над мінулым Беларусі” (Токіа, 2013, больш за 450 с.), на якую мы адгукнуліся станоўчай рэцэнзіяй [1]. Цяпер жа ён выдаў новае фундаментальнае даследаванне – рэцэнзаваную манаграфію «Літва. Уплыў гістарычнай традыцыі на фармаванне нацый. “Краёвая ідэя” з перспектывы сучаснасці”. Чытаць далей →

СНАПКОВСКИЙ, ВЛАДИМИР Е. История внешней политики Беларуси: пособие. Минск: БГУ, 2013. 495 с.

Аўтар разгляданай кнігі Уладзімір Снапкоўскі, доктар гістарычных навук, паставіў мэту паказаць знешнюю палітыку Беларусі на фоне гісторыі краіны. Выданне ўяўляе сабой дапаможнік для студэнтаў, якія вывучаюць гісторыю, паліталогію, міжнародныя адносіны, а таксама для ўсіх тых, хто цікавіцца гісторыяй знешняй палітыкі і дыпламатыі Беларусі. Чытаць далей →

Ірына Раманава. “Вынаходжанне” штодзённасці: як і што мы даследуем*

* Kashtalian, Iryna. The Repreccive Factors of the USSR’s Internal Policy and Everyday Life of the Belarussian Society (1944–1953). Wiesbaden, Harrassowitz Verlag, 2016. XIII, 345 p. (Historische Belarus-Studien 5)

Выхад у свет рэцэнзаванай кнігі Ірыны Кашталян – з’ява знакавая па шэрагу прычын: гэта першае манаграфічнае даследаванне па названых тэме і перыядзе; выканана яна ў даволі новым для беларускай гістарыяграфіі кірунку – гісторыя штодзённасці; базу крыніц склалі матэрыялы вуснагістарычных інтэрв’ю; урэшце, кніга выйшла ў Германіі на англійскай мове. Не меншую цікавасць для гістарычнай навукі, чым сама кніга, уяўляе сабой гісторыя яе напісання. Чытаць далей →

Юры Гардзееў. Некалькі заўваг да праблемы развіцця гістарычнай геаграфіі

У 2017 г. у Ольштыне выйшла з друку манаграфія Анны Пыташ-Каладзейчык, у якой разгледжана праблема прававых, адміністрацыйных, маёмасных і тэхнічных умоў выкарыстання водных рэсурсаў у велікакняскіх маёнтках заходняй часткі Гарадзенскага павета ў XVI ст. [1] (8). Азнаямленне са зместам кнігі, зрэшты, як і з іншымі працамі аўтаркі, стала не толькі добрай нагодай для разважанняў пра дасягненні гістарычнай геаграфіі як дапаможнай гістарычнай дысцыпліны, але чарговым прыкладам, які наводзіць на роздум аб патрэбе паглыблення гісторыка-геаграфічных даследаванняў у Беларусі.

Зазначым, што распрацоўка названай праблемы можа выклікаць пэўныя сумненні з прычыны сваёй “вузкасці” і дробнатэмнасці. Разам з тым аналіз зместу працы расстаўляе ўсе кропкі над “і”. Чытаць далей →

Кэтрын Гібсан. Гісторыя, памяць і сімвалічная тапаграфія горада: найноўшыя публікацыі да гістарыяграфіі Вільні*


* Theodore R. Weeks. Vilnius between Nations, 1795–2000. DeKalb, IL: Northern Illinois University Press, 2015. 308 p.; Dangiras Mačiulis and Darius Staliūnas. Lithuanian Nationalism and the Vilnius Question, 1883–1940. Marburg: Herder Institut, Studien zur Ostmitteleuropaforschung, 2015. 236 p.

З таго самага часу, як П’ер Нара ў 80-я г. XX ст. звярнуўся да тэмы lieux de mémoire (месцаў памяці), даследчыкі дачыненняў паміж гісторыяй і памяццю сутыкаюцца са зменай успрымання, канструявання і рэпрэзентацый прасторы [1]. У найноўшых працах вялікая ўвага адводзіцца пытанням, як людзі надаюць сімвалічнае значэнне навакольнай прасторы, як вакол асобных мясцін крышталізуецца супольная ідэнтычнасць і чаму тая ці іншая мясціна пачынае асацыявацца з канкрэтнымі каштоўнасцямі, эмоцыямі і маральнымі прынцыпамі. Даследчыкі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы актыўна выкарыстоўваюць гэты “прасторавы ўхіл” у вывучэнні таго, як цягам апошніх двухсот гадоў змены межаў і геапалітычных рэжымаў сфармавалі ў гэтым рэгіёне “ландшафт памяці”. Гэтыя даследаванні часта засяроджваюцца на гарадах як прасторы розных версій калектыўнай памяці, якія часам канкуруюць між сабою [2]. Чытаць далей →

Аляксандр Груша. Віцебска–рыжскія акты і праблема іх выдання


Сёння, калі выданням сярэднявечных гістарычных крыніц беларускага паходжання аддаецца яшчэ так мала ўвагі, публікацыю малавядомага, а для многіх і зусім невядомага корпуса дакументаў з Дзяржаўнага гістарычнага архіва Латвіі па зносінах Віцебска з Рыгай у XV—XVI ст., падрыхтаваную Алегам Дзярновічам, я назваў бы сапраўднай падзеяй. На жаль, публікатар некалькі недаацаніў значэнне гэтых дакументаў. А між тым, яны праліваюць святло на гісторыю Віцебска і Віцебскай зямлі з пункту гледжання не толькі іх міжнародных кантактаў, але і становішча ў складзе ВКЛ, а таксама формаў і кірункаў дзейнасці актыўнай часткі іх жыхароў, інстытутаў улады і кіравання. Не гаворачы пра тое, што згаданыя крыніцы змяшчаюць найкаштоўнейшы матэрыял па палеаграфіі і дыпламатыцы. І хоць у зборнік уключаны толькі 7 дакументаў, кожны з іх без перабольшання мае „вагу золата“.
Чытаць далей →

Уладзімір Ісаенка. Першы дапаможнік па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны


* Великая Отечественная война советского народа (в контексте Второй мировой войны). Учебное пособие для 11 кл. Допущено Министерством образования Республики Беларусь. Под ред. докт. ист. наук, проф. А.А. Ковалени и докт. ист. наук Н.С. Сташкевича. Авторы: А.А. Коваленя, М.А. Краснова, В.И. Лемешонок, С.Е. Новиков, М.Г. Жилинский, Б.Д. Долготович, К.И. Козак. Минск: Издательский центр БГУ, 2004. 231 с.

Рэцэнзентамі дапаможніка выступілі кафедра гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу БДУ, праф., канд. гіст. навук Г. Ваўчок і настаўнік гімназіі №56 г. Мінска П. Гламбоцкі.

Кніга выдадзена на рускай і беларускай мовах тыражом больш за 100 тысяч. Выданні, якія маюць невялікія адрозненні, выходзілі таксама ў якасці падручніка для ВНУ, а таксама для шырокага кола чытачоў.
Чытаць далей →

Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народа. Х—ХХI ст. / Рэдакцыя і ўклад. тэксту Мар’ян Семаковіч (Любоў Козік)


Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народа. Х—ХХI ст. / Рэдакцыя і ўкладанне тэксту: МАР’ЯН СЕМАКОВІЧ. Пераклад тэксту з польскай: ГАННА ЦІШУК. Варшава: Demart, 2005. 312 c.

Прапанаваная шырокаму колу чытачоў кніга „Нарыс Польскай Дзяржавы і Народа. Х—ХХI ст.“, несумненна, доўгачаканая, яна будзе запатрабаваная ў Беларусі, тым больш што гэта першая гісторыя Польшчы па–беларуску. Шмат агульнага звязвае беларускі народ з польскім, з яго гісторыяй, традыцыямі і культурай, многія дзеячы лічылі сябе сынамі і дочкамі двух, а то і трох — польскага, беларускага і літоўскага — народаў. Але, на жаль, у беларускай гістарыяграфіі дагэтуль так і не была зроблена спроба напісаць абагульняльную працу па гісторыі суседняга народа, а гэта магло б стаць добрым крокам у развіцці не толькі нацыянальнай, але і польскай гістарычнай навукі.

У аснову нарысаў пакладзены храналагічны прынцып, у рамках якога можна вылучыць праблемны падыход. Так, разглядаючы падзеі Х — канца ХVIII ст., аўтар засяроджвае ўвагу на фармаванні дзяржаўных межаў і знешнепалітычнай дзейнасці кіраўнікоў польскай дзяржавы. Пытанні, якія датычацца дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай, вынесены ў асобны раздзел. Гэта, на наш погляд, выклікае пэўныя нязручнасці пры чытанні тэксту не знаёмым ці мала знаёмым з гісторыяй Польшчы чытачом. Так, напрыклад, на с. 42 апісана знешнепалітычная дзейнасць Аляксандра Ягелончыка, у той час як асноўныя ўнутрыпалітычныя змены пад час яго кіравання (Мельніцкі прывілей, пастановы Пётркаўскага і Радамскага соймаў, канстытуцыя Nihil Novi, Статут Ласкага) прыводзяцца толькі на с. 106. Выдатна выкананыя карты дазваляюць зарыентавацца ў самых розных пытаннях палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай гісторыі і культуры.
Чытаць далей →

Юсова, Наталія. Генезис концепції давньоруської народності в історічній науці СРСР (1930–ті — перша половина 1940–х рр.) (Генадзь Сагановіч)


ЮСОВА, НАТАЛІЯ. Генезис концепції давньоруської народності в історічній науці СРСР (1930–ті — перша половина 1940–х рр.). Вінниця, 2005. 545 с.

У дыскусіях вакол старажытнарускай народнасці паламана нямала дзідаў, асабліва ў гістарычнай літаратуры Беларусі і Ўкраіны пасля атрымання імі дзяржаўнага суверэнітэту. Для адных яна была і ёсць неабвержным фактам, для другіх — гістарыяграфічным фантомам[1]. Кожнаму, хто браўся пісаць гісторыю Беларусі ці Ўкраіны, даводзілася вызначацца ў стаўленні да даўно ўзятага на веру (або, наадварот, адрынутага) „адзінага кораня“ ўсходніх славян. Стаўкі ад яго прызнання або адмаўлення вельмі вялікія. Невыпадкова прарасійскі прэзідэнцкі рэжым цяперашняй Беларусі дырэктыўным спосабам надаў (дакладней — вярнуў) гэтай канцэпцыі статус базавай тэорыі, ключавога элемента дзяржаўнай ідэалогіі і гістарычнай адукацыі[2]. І гэта пры тым, што этнічная супольнасць эпохі Кіеўскай Русі… спецыяльна нікім не вывучалася. У цяперашняй сітуацыі можна не сумнявацца, што кніга ўкраінскай даследчыцы будзе запатрабавана і ў Беларусі.
Чытаць далей →

Блануца, Андрій. Матеріали до реєстру земельних контрактів волинської шляхти (Аляксандр Доўнар)

БЛАНУЦА, АНДРІЙ. Матеріали до реєстру земельних контрактів волинської шляхти (друга половина XVI ст.). Київ: Інститут історії України, 2005. 129 с.

Даследаванне Андрэя Блануцы прысвечана аналізу кантрактаў адносна зямельнай уласнасці шляхты Луцкага павету Валынскага ваяводства другой паловы XVI ст. Крыніцазнаўчай асновай працы сталі справы Луцкага гродскага (фонд №25) і земскага судоў (фонд №26), якія захоўваюцца ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Ўкраіны ў г. Кіеве. Кніга складаецца з двух раздзелаў. У першым раздзеле „Асаблівасці складання зямельных кантрактаў“ даецца кароткая характарыстыка структуры розных тыпаў зямельных кантрактаў: актаў куплі/продажу, дарэння, заставы, арэнды, абмену зямельных уладанняў.
Чытаць далей →

Kamieniecki, Jan. Szymon Budny: Zapomniana postać polskiej Reformacji (Ігар Клімаў)


Kamieniecki, Jan. Szymon Budny: Zapomniana postać polskiej Reformacji. Wrocław: Wydawnictwo Uniwersytetu Wrocławskiego, 2002 (Historia literatury). 192 s.

Асоба Сымона Буднага — надзвычай цікавая і рознабаковая, шмат у чым нетыповая для свайго часу. Асабліва значны яго даробак як тэолага і філолага, выдатнага біблеіста, чые дасягненні шмат у чым апярэдзілі свой век. Ён пакінуў пасля сябе багатую спадчыну ў выглядзе арыгінальных і перакладных тэкстаў розных жанраў на некалькіх мовах — старабеларускай, польскай, лацінскай.

Да апошняга часу дзейнасць Буднага, як і яго спадчына, усё яшчэ вывучаны недастаткова (7). Новае сінтэтычнае даследаванне маладога польскага тэолага і філолага Яна Камянецкага з Уроцлава прысвечана вывучэнню здабыткаў Буднага ў галіне тэалогіі і філалогіі — асноўных галін яго дзейнасці.
Чытаць далей →

Fałowski, Adam. Język ruskiego przekładu Katechizmu jezuickiego (Ігар Клімаў)

Fałowski, Adam. Język ruskiego przekładu Katechizmu jezuickiego z 1585 roku. Kraków: Universitas, 2003. (Studia Ruthenica Cracoviensia, 2). 196 s.

Вядомы кракаўскі славіст, які даследуе гісторыю ўсходнеславянскіх моў, Адам Фалоўскі рупліва апрацаваў мову і пераклад аднаго з ранніх беларускіх старадрукаў — каталіцкага катэхізіса, выдадзенага ў 1585 г. у Вільні паводле лацінскага катэхізіса Пятра Канізія. У манаграфіі змешчаны фотатыпічныя публікацыі віленскага старадруку і яго лацінскага арыгінала, узятага з аднаго з ранніх кракаўскіх выданняў (1570 г.)[1].

Да з’яўлення манаграфіі А. Фалоўскага Віленскі катэхізіс заставаўся малавывучаным. У навуцы яму была прысвечана фактычна толькі адна праца (калі не ўлічваць дробных згадак у каталогах ці даведачных працах) — мовазнаўчы артыкул Я. Карскага[2]. Аднак у ім мова помніка мусова апісвалася фрагментарна (15), паколькі даследчыку быў дасяжны адзіны вядомы на той час паасобнік (былой Публічнай бібліятэкі — цяпер Расійскай нацыянальнай — у Санкт–Пецярбургу), да таго ж моцна дэфектны (у ім ацалела ўсяго 11 аркушаў з 52). Толькі нядаўна ва універсітэцкай бібліятэцы Упсалы ў Швецыі былі знойдзены яшчэ два паасобнікі, на шчасце, з поўным тэкстам, якія і паслужылі крыніцай выдання А. Фалоўскага.
Чытаць далей →

Kadulska, Irena. Akademia Połocka. Ośrodek kultury na Kresach 1812—1820 (Тамара Джумантаева)

Kadulska, Irena. Akademia Połocka. Ośrodek kultury na Kresach 1812—1820. Gdańsk, 2004. 312 s.

Полацкая езуіцкая акадэмія адыграла ў свой час ролю буйнога культурнага цэнтра на еўрапейскай прасторы. Яна была асяродкам высокага мастацтва і адукацыі. Але па прычынах геапалітычнага становішча Полацка даследаванню яе дзейнасці прысвечана не шмат прац. Сярод сучасных беларускіх гісторыкаў ролю езуітаў у арганізацыі адукацыі і асветы даследавала Тамара Блінова[1]. У яе манаграфіі поруч з аналізам педагагічнай дзейнасці Ордэна закранаюцца пытанні арганізацыі і асноўных напрамкаў дзейнасці бібліятэкі і музея Полацкай акадэміі.

Манаграфія Ірэны Кадульскай вылучаецца з шэрагу апублікаваных апошнім часам у Польшчы выданняў, прысвечаных праблеме дзейнасці езуітаў, перадусім вузка акрэсленым прадметам даследавання і велізарным аб’ёмам выкарыстанага дакументальнага матэрыялу. Аўтар разглядае дзейнасць акадэміі як спецыфічную культурную праграму ў Полацку, рэалізаваную на польскай мове. Пры гэтым падкрэсліваецца важная акалічнасць — акадэмія дзейнічала як цэнтр унутры структуры горада.
Чытаць далей →